Top.Mail.Ru

На гэту зіму ў Мінску запланавана работа 47 каткоў, 32 хакейных каробак і 14 лыжных трас

Пры падыходных умовах надвор’я ў будучым зімовым сезоне ў сталіцы будуць працаваць 47 лядовых каткоў, 32 хакейныя каробкі, 14 лыжных трас — як са штучным, так і з натуральным снегам, і два схілы для заняткаў горнымі лыжамі і снаўбордынгам. Пра гэта падчас аператыўнай нарады паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама Максім Варапай, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».



У параўнанні з мінулым годам у горадзе дададзена 17 новых спартыўных аб’ектаў. У іх ліку 16 каткоў і адна хакейная каробка, якая будзе працаваць у парку імя Уга Чавеса.

Акрамя таго, у Мінску плануецца абсталяваць 28 горак для катання на цюбінгах. А вось са стыхійнымі горкамі не ўсё адназначна.

— Разам з усімі зацікаўленымі мы абследавалі такія спускі. Сем з іх былі прызнаныя небяспечнымі для катання. Як правіла, яны размешчаны каля жылых дамоў альбо праезнай часткі вуліц. Катанне ў такіх месцах можа скончыцца сур’ёзнай траўмай. У зімовы перыяд іх будуць засыпаць пяском, — растлумачыў М. Варапай. — Таму заклікаем выкарыстоўваць цюбінгі толькі ў дазволеных для гэтага месцах.


Атрымаць напракат інвентар для актыўнага адпачынку можна будзе ў 557 пунктах. 325 пунктаў пракату будуць выдаваць лыжы, 32 — канькі. Усяго ж парк лыж для кароткачасовай арэнды перавышае 40 тыс. пар, канькоў — 12,3 тыс.

Акрамя таго, зімой у горадзе пройдзе звыш 260 спартыўных мерапрыемстваў. Найбольш значныя з іх — спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» і па хакеі «Залатая шайба».

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў звярнуў увагу на неабходнасць аператыўнага выканання работ па ўладкаванні месцаў для зімовага актыўнага адпачынку.

— Заліваць лёд на катках і ў хакейных каробках, а таксама ствараць лыжныя трасы трэба адразу пры ўстанаўленні падыходнага надвор’я, — падкрэсліў кіраўнік горада. — Попыт на такія лакацыі ў гараджан вялікі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю