Top.Mail.Ru
222

МАЗ перадаў першы беларускі электрычны смеццявоз камунальным службам

МАЗ перадаў першы беларускі электрычны смеццявоз камунальным службам, перадае БелТА.



У прысутнасці міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Сяргея Масляка МАЗ перадаў адзін з самых перадавых узораў экалагічнай тэхнікі — электрасмеццявоз MAZ-GTe — у доследную эксплуатацыю беларускай кампаніі, якая з’яўляецца лідарам на рынку комплекснага абыходжання з адходамі ў Мінску і Мінскай вобласці — ТДА «Экалогія горада». MAZ-GTe будзе абслугоўваць жылы комплекс «Мінск-Свет», ажыццяўляючы вываз другасных матэрыяльных рэсурсаў. 

Сяргей Масляк адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за тое, што гэта тэхніка беларускай вытворчасці і выпушчана Мінскім аўтамабільным заводам. 


Міністр змог нават праехаць за рулём электрасмеццявоза і падзяліўся сваімі эмоцыямі. «Думаю, што гэта мара любога хлапчука з раёна — праехаць на такой сур’ёзнай тэхніцы вытворчасці МАЗ. Цяпер мара спраўдзілася і ў міністра. У машыны мяккі ход. Досыць хутка прывыкаеш да габарытаў, добрая агляднасць, практычна 360 градусаў, зручнае кіраванне, усе неабходныя рычагі пад рукой. З улікам тых падыходаў і кірункаў, якія прымаюцца ў нашай краіне ў развіцці электратранспарту, перспектыва такой тэхнікі вельмі вялікая», — упэўнены ён.  

1.jpg

Генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ» Валерый Іванковіч падкрэсліў, што прадпрыемства стварыла інавацыйны прадукт. «Гэта новая вяха ў развіцці электратранспарту. І мы перадаём у доследную эксплуатацыю першы электрычны смеццявоз. Упэўнены, будзе і дзясяты, і соты, і тысячны. Магчыма, гэта будзе глабальны кірунак, звязаны з электрыфікацыяй машынабудавання. Веру, што наш праект будзе паспяховым», — дадаў ён. 

Генеральны дырэктар ТДА «Экалогія горада» Сяргей Петрасян падзякаваў супрацоўнікам і кіраўніцтву МАЗ за выдатна праведзеную работу. Ён выказаў надзею, што ў такім саюзе гэта будзе маленькі крок у вялікую зялёную будучыню. 

MAZ-GTe вылучаецца шэрагам тэхналагічных пераваг. Гэта сінхронны электрарухавік магутнасцю 150 кВт. Батарэя з запасам энергіі больш за 250 кВт. г забяспечвае разліковы запас ходу да 200 км. Асаблівая ўвага — бяспецы і камфорту кіроўцы. Кабіна з вялікай плошчай шклення і сістэма электронных люстэркаў. Відэакамеры бакавога і задняга агляду дазваляюць эфектыўна манеўраваць у абмежаваных прасторах. Перыяд доследнай эксплуатацыі складзе адзін год. Гэтага часу дастаткова, каб ацаніць эфектыўнасць выкарыстання новай мадэлі ў рэальных умовах, сабраць тэхнічныя даныя і вызначыць кірункі яе далейшага ўдасканалення.  

1.jpg

Прадпрыемствам таксама праведзена вялікая работа па дасягненні максімальнага ўзроўню лакалізацыі. Усё электрычнае абсталяванне было спраектавана і ўстаноўлена спецыялістамі Мінскага аўтазавода.

«Перадача MAZ-GTe — вынік цеснага ўзаемадзеяння паміж ААТ „МАЗ“ — кіруючая кампанія холдынга „БелаўтаМАЗ“, Мінпрыроды і профільным аператарам. Гэта яскравы прыклад таго, як прамысловасць і дзяржава аб’ядноўваюцца дзеля агульнай мэты — зрабіць працэс сартавання адходаў простым, зручным і эфектыўным, каб кожны мог унесці свой уклад у захаванне навакольнага асяроддзя і павышэнне якасці жыцця грамадзян», — падкрэслілі ў прэс-службе.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю