Top.Mail.Ru

Медыкі Гомельшчыны прымаюць віншаванні і дзеляцца самымі шчырымі эмоцыямі

«Медыцына — гэта супер!»


Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў у Гомелі праходзіць сапраўдны марафон урачыстых мерапрыемстваў. У Гомельскім грамадска-культурным цэнтры прайшло святочнае ўшанаванне работнікаў аховы здароўя вобласці — уручэнне ўзнагарод спецыялістам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё аховы здароўя і аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву паўднёва-ўсходняга рэгіёна.


Старшая медыцынская сястра інфекцыйнага аддзялення Гомельскай абласной клінічнай бальніцы Таццяна Котава ў прафесіі 15 гадоў:

— Прафесію я выбірала свядома і ні разу не пашкадавала, што стала медыкам. Усім калегам жадаю шанаваць і любіць сваю работу, каб і нас, медыкаў, шанавалі.

Сярод запрошаных на свята былі і спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы Гомельшчыны. Урач-эпідэміёлаг, загадчык аддзела прафілактычнай дэзынфекцыі Гомельскага абласнога цэнтра прафілактычнай дэзынфекцыі Анастасія Савянкова расказала аб сваім дружным калектыве і важнасці прафілактычнай работы:


— Медыцына — гэта супер! У сваёй сям’і я — медык у чацвёртым пакаленні. Вельмі ганаруся сваімі прадзедам і дзядулем, якія былі ўрачамі. Я стала ўрачом прафілактычнай скіраванасці, не лячэбнай, але, упэўнена, што прафілактыка вельмі-вельмі важная заўсёды. Ганаруся і сваёй краінай. Шчаслівая, што служу Радзіме, бясконца ўдзячная нашай дзяржаве і за прафесію, якую я змагла набыць, і за магчымасць вучыцца і развівацца ў прафесіі. Дзяржава вельмі шмат робіць для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы нашай установы аховы здароўя. Наогул медыкам удзяляецца вялікая ўвага, адчуваецца вялізная падтрымка ў навучанні, павышэнні кваліфікацыі. Гэта неацэнна!

Сваю ўстанову прадстаўлялі на свяце загадчык аддзялення функцыянальнай дыягностыкі Гомельскай універсітэцкай клінікі — абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Кажамякіна і галоўная медыцынская сястра Кацярына Місачэнка:


— Міру і працвітання нашай любімай краіне! Перадаём самыя цёплыя пажаданні калегам з усіх куткоў нашай Беларусі. Жадаем цярпення і радасці ў нашым адказным служэнні. Мы асабіста чэрпаем натхненне, зараджаемся сіламі для працы ў сваіх сем’ях, а таксама ў прыгажосці, у занятках спортам, чаго і ўсім жадаем.

— Сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, людзі, шчыра адданыя медыцыне, людзі з вялікім сэрцам, — карыстаючыся магчымасцю, выказала велізарную падзяку ўсяму калектыву галоўны ўрач Гомельскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра Вольга Лях. — Прыемна, што наш цэнтр сёння прызнаны адным з лепшых у краіне. Мы актыўна развіваемся. Дзякуючы гэтаму сёння пацыенты, якія паступаюць у наш цэнтр нават у самым цяжкім стане, атрымліваюць усю неабходную дапамогу, працягваюць жыць, працаваць на карысць нашай краіны, застаюцца актыўнымі членамі грамадства.


Душэўныя віншаванні прадстаўнікам адной з самых высакародных прафесій адрасавала са святочнай сцэны намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Іна Губар:

— Сёння ў нашай краіне дзякуючы мудрай дзяржаўнай палітыцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі праводзіцца сістэмная мэтанакіраваная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, па фармаванні іх кадравага патэнцыялу. Робіцца ўсё, каб нашы людзі атрымлівалі якасныя медыцынскія паслугі.

Спецыялістам, якія працуюць у стацыянарах і паліклініках, у вёсцы і ў горадзе, тым, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і тым, хто яшчэ толькі пачынае свой шлях у прафесіі, перадала самыя цёплыя пажаданні і віншаванні старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя Надзея Зіміна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю