«Вы ўсе нашы. Вы — беларусы. Беражыце свой край»
З 1996 года фестываль, які кожныя два гады праходзіць у Гродна, з’яўляецца значнай падзеяй у грамадскім жыцці краіны. Сёлета — юбілейны фестываль, прысвечаны яго гісторыі і традыцыям. Фестываль пацвярджае, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы па захаванні і папулярызацыі сваёй нацыянальнай культуры для прадстаўнікоў розных народаў і нацыянальнасцяў, якія выбралі нашу краіну другой Радзімай.
«Колькі ўпадзе дажджу — столькі хлябоў вы атрымаеце ўраджаю»
На цырымоніі адкрыцця фестывалю Прэзідэнт звярнуў увагу на надвор’е — яно ў гэты дзень у Гродне было дажджлівым.
«Калі вы кагосьці будзеце вінаваціць у гэтым, то мяне, —заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я губернатару расказаў. Думаю, прыеду ў Гродзенскую вобласць пасля Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай — вось што ім падарыць? Без падарункаў жа нельга. Бальніца — гэта добра. Але неяк пачуў я брэсцкага губернатара: ён скардзіўся, што ў вас дажджу доўга не было. Я яму ўчора патэлефанаваў: дай дождж гродзенцам, каб я з падарункам прыехаў».
Пралятаючы над паўднёвай часткай Гродзенскай вобласці, Прэзідэнт заўважыў, што там вакол азёры. «На палях азёры — ліўні страшныя прайшлі, — удакладніў ён. — Вы прасілі — я зрабіў. Тое, што сёння адбываецца, — гэта, як сяляне гавораць, наша золата. Колькі ўпадзе дажджу — столькі хлябоў вы атрымаеце ўраджаю».
Лівень, які пайшоў у самым пачатку прамовы Прэзідэнта, праз літаральна некалькі хвілін скончыўся, а неба праяснілася. «Гасподзь нас пачуў, — канстатаваў беларускі лідар. — Я, пад’язджаючы сюды, думаў аб тым, каб хаця б дажджу не было ў гэты перыяд. Крыху ён нас падмачыў, праверыў. І паглядзіце, якое цудоўнае неба. Значыць, мы не зусім грэшныя. Мы не награшылі столькі, каб Бог нас не любіў».
«Мы ні з кім не збіраемся ваяваць. Толькі дружба»
Прэзідэнт падзяліўся, што даўно хацеў пабываць на гэтым фестывалі. «Ёсць у нас „Славянскі базар“, ёсць у нас „Александрыя“, ёсць у нас творчая інтэлігенцыя, якая сустракаецца ў Брэсце, тэатралы, і гэтак далей, — удакладніў беларускі лідар. — Але гэтага ўнікальнага фестывалю няма нідзе. Таму я ўсіх вас віншую адкрыццём XV фестывалю нацыянальных культур».
Па словах беларускага лідара, вельмі добра (тут мы ўгадалі), што гэты фестываль праходзіць у заходнім цудоўным цэнтры Беларусі — у Гродна. «Лепш не прыдумаеш, — падкрэсліў ён. — Гэтым самым мы паказваем, што нават тут, на захадзе, пра які некалі гаварылі, што тут жывуць чужыя людзі (нічога падобнага!)... Тут жывуць добрыя, прыстойныя людзі, якія з адкрытым сэрцам ідуць да ўсіх».
Па словах Прэзідэнта, ідэя свята адлюстроўвае багатую гісторыю нашай роднай зямлі, размешчанай на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, дзе сустракаліся і сутыкаліся цэлыя цывілізацыі, народы і рэлігіі. «Дзе фарміраваўся наш — беларускі — нацыянальны менталітэт, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта адкрытасць, гасціннасць, уменне працаваць разам, сябраваць, гатоўнасць прымаць у свой дом усіх, хто ідзе з мірам і дабром».
Прэзідэнт заклікаў не верыць тым ідэям, якія навязваюць звонку, — аб тым, што мы ваякі, не мірныя людзі. «Мы ні з кім не збіраемся ваяваць, — падкрэсліў ён. — Толькі дружба».
Беларускі лідар заклікаў берагчы Гродзеншчыну — жамчужыну нашай краіны. «Вы ўсе нашы. Вы — беларусы, — падкрэсліў ён. — Беражыце свой край. Ён ужо і не для нас, старэйшага пакалення. Ён для дзяцей і ўнукаў. І мы гэты квітнеючы край, жамчужыну нашай Беларусі, павінны зберагчы і прымножыць. Вы гэта можаце і вы гэта ведаеце, як зрабіць. Мы ў вас усёй краінай і не толькі мы, а і вялізная Расія, вучымся, пераймаем ваш вопыт».


«Мы па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што фестываль нацыянальных культур у свой час быў створаны як традыцыя суверэннай Беларусі. «Я часта гавару: калі вы хочаце быць суверэннымі і незалежнымі, трэба мець свае традыцыі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вось гэта — адна з традыцый, якую мы стваралі».
У самым першым фестывалі, па словах Прэзідэнта, удзельнічалі прадстаўнікі ўсяго 11 нацыянальнасцяў. Сёння іх — каля 50. «Гэта значыць, да нас пацягнуліся, — заўважыў беларускі лідар. — Мы не павінны іх адштурхнуць. Трэба паказаць сваю адкрытасць. І калі мы ганарымся сваім менталітэтам, гасціннасцю, мы паказаць гэту гасціннасць. Усім ім павінна быць прыемна жыць у нашай Беларусі. Гэта наша будучыня».
За гэты час, па словах беларускага лідара, са сціплага рэгіянальнага мерапрыемства форум ператварыўся ў культурную падзею, слава аб якой выйшла за межы краіны. «А сталіца гэтага фестывалю — Гродна — стала сапраўднай Мекай для тысяч турыстаў, у тым ліку з еўрапейскіх дзяржаў, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І не перашкаджаюць гэтым людзям трохметровыя платы, якія ўзводзяцца нашымі заходнімі суседзямі, чарговыя „жалезныя заслоны“, якімі нас палохаюць. Мы не навязваемся, але па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў. Мы не ставім сваёй мэтай ваяваць. Мы хочам быць мірнымі, мы хочам мірна жыць. Я хачу, каб на захадзе Беларусі, тут, у Гродна, гэта цвёрда засвоілі. Мы хочам міру. Мы нясём народам мір. Мы будзем рабіць усё для міру, бо вайна — гэта катастрофа. Вайна ніколі не дасць нам магчымасць сабрацца вось так, як сёння. Нам не патрэбна вайна. Перамачы, а мы абавязкова пераможам, мы можам толькі ў міры, у мірнай працы».

«Вы — сапраўдная народная дыпламатыя»
Нацыянальным аб’яднанням беларускі лідар выказаў асобную ўдзячнасць за дыпламатычныя ініцыятывы. «Беларусь падтрымлівае сяброўства са шматлікімі краінамі, а вы дапамагаеце нам, — канстатаваў Прэзідэнт. Вы — сапраўдная народная дыпламатыя. За кожным вашым словам стаяць дзеянні. Дзякуй вам за гэта».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што калі людзей звязвае культурная, народная, сямейная дыпламатыя, палітыкі бяссільныя гэта разарваць. «Да таго ж інтэрнацыянальныя сем’і (а я прыхільнік гэтага) — з’ява для Беларусі звычайная, — дадаў ён. — У іх нараджаюцца выдатныя, прыгожыя, разумныя дзеткі, якія размаўляюць на многіх мовах нашай планеты».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у нашых ВНУ атрымліваюць адукацыю 37 тысяч замежных студэнтаў. «Асабліва радуе, калі таленавітыя людзі застаюцца і дабіваюцца прафесійных поспехаў у самых розных сферах, — удакладніў ён. — Бываючы ў нашых установах адукацыі, аховы здароўя, я там бачу не толькі нашых азербайджанцаў, армян, украінцаў і рускіх. Там і з Блізкага, і з Далёкага Усходу, і з Афрыкі — людзі, якія атрымаўшы тут адукацыю, засталіся ў нас. І пры тым харошыя спецыялісты. Мы гэта вітаем».
Галоўнае, па словах кіраўніка дзяржавы, большасць з нас аб’ядноўвае памяць аб вялікім подзвігу савецкага народа. «Не было б яго — мы таксама тут не прысутнічалі б, —падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вялікая колькасць, сотні тысяч гродзенцаў загінула на гэтай вайне. Часам загінула ні за што. Вось чаму мы павінны берагчы мір. Мы, беларусы, памятаем прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў (а такіх было больш за 70), хто змагаўся на фронце, у партызанскіх атрадах або падполлі, вызваляючы нашу Беларусь».
«Культура — інтэрнацыянальная»
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць усім, хто забяспечвае правядзенне свята і развівае наш унікальны фестываль. «Вялізнае дзякуй арганізатарам, губернатарам, уладам Гродзенскай вобласці, удзельнікам, неабыякавым людзям, якія ствараюць атмасферу сяброўства і павагі розных культур, якой мы ўсе ганарымся, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Культура, навука — яны інтэрнацыянальныя. Нельга культуру замкнуць у рамках адной дзяржавы або дзвюх дзяржаў. Культура — інтэрнацыянальная. Культура ў нас адна. І ў гэтай культуры шмат галін, шмат розных кірункаў, бо яна, як я сказаў, інтэрнацыянальная».
Па словах кіраўніка дзяржавы, яна не абмяжоўваецца рамкамі фестывалю. «Фестываль — душа гэтай культуры, гэта норма нашага жыцця», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт заўважыў, што яму прыемна бачыць удзельнікаў фестывалю, якія захоплены гэтай ідэяй. «Ідэя важная, але асабліва значная праца людзей, дзякуючы якім яна становіцца традыцыяй, якая беражліва захоўваецца», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў росквіту фестывалю, як і ў цэлым гродзенскай зямлі. «Усё, што вы прасілі, я зрабіў. Буду рабіць яшчэ больш, каб вы былі квітнеючымі і здаровымі. Са святам вас!», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
г. Гродна