Дом, дзе прапісалася шчасце
Яны пазнаёміліся дзякуючы смелым сябрам і... арміі. Юля пасля каледжа прыехала па размеркаванні ў Чашнікі працаваць прадаўцом. У яе сяброўкі ў арміі быў хлопец, які і перадаў Юлін нумар свайму саслужыўцу — Аляксандру. «Перадай прывітанне», — папрасіў хлопец. Пачалася перапіска, потым — тэлефонныя размовы, сустрэчы. Праз паўгода, у 2018-м, маладыя людзі згулялі вяселле.
Аляксандру на гэтым тыдні споўнілася 30, Юлі — 28. Абодва з маленства ведалі, што такое шматдзетная сям’я: ён вырас у сям’і, дзе выхоўвалася сямёра, яна таксама расла побач з вялікай раднёй. Таму рашэнне будаваць уласную сям’ю ў вёсцы і нараджаць як мага больш дзяцей іх не спалохала.
Чаму вёска?
Пашкевічы маглі застацца ў горадзе. Але Аляксандр, які з дзяцінства прывык да зямлі, цягнуўся да сяла. Юля — мясцовая, яе бацькі жывуць у Літусаве. Так і вырашылі: будзем будаваць жыццё тут, на радзіме жонкі.
Сельгаспрадпрыемства выдзеліла маладым новы цагляны дом — з усімі выгодамі, сучасны, прасторны. Такога, каб туліцца ў інтэрнаце ці здымаць кут, у іх не было. З самага пачатку — свая тэрыторыя, свой двор, свой агарод.
Сёння ў Пашкевічаў чацвёра дзяцей. Дзмітрый — самы малы, яму яшчэ няма трох. Раман — трохі старэйшы, яму чатыры гады. Дзяўчынкі — Аляксандра і Насця — у школе і садку. Аляксандра пойдзе ў другі клас, Насця — у першы, нядаўна ў дзяўчынкі быў выпускны ў дзіцячым садку.
Дзеці ў Пашкевічаў не сядзяць без справы. Летам іх у хату не загнаць: веласіпеды, арэлі, батут — усё сваё. На двары — раздолле, свежае паветра і сябры.
Тут не засумуеш
Жыццё Пашкевічаў не абмяжоўваецца толькі домам і агародам. У аграгарадку ёсць клуб, дзе рэгулярна праходзяць дыскатэкі, канцэрты, народныя гулянні. Тут абавязкова адзначаюць Купалле, Масленіцу, Новы год, праводзяць мітынгі каля абеліска. Сям’я Пашкевічаў на такія мерапрыемствы прыходзіць амаль заўсёды. А ўлетку, падчас канікул, дзеці таксама на пляцоўцы каля клуба — там загадчыца займае іх, ладзіць «Вараб’іныя дыскатэкі», конкурсы, гульні.
Шчырыя рупліўцы
Аляксандр працуе ў ААТ «Літусава» механізатарам-машыністам. У гаспадарцы кожны сезон — «гарачая» пара: ранняй вясной яго магутны трактар можна было ўбачыць з вялізным навясным плугам, цяпер — з апрысквальнікам, а летам ён сядзе за руль камбайна. Да саміх камбайнераў у вёсцы асаблівая павага, таму да Аляксандра мясцовыя ставяцца з гонарам — як да сапраўднага гаспадара — зямлі не баіцца, тэхніку ведае.
Юлія да дэкрэту паспела папрацаваць на мясцовай малочнатаварнай ферме лабарантам. Цяпер — у дэкрэце, але назваць гэта адпачынкам нельга. Школа, урокі, садок, гаспадарка, дзеці, агарод — расклад распісаны па хвілінах. А восенню яна плануе выходзіць на працу — старэйшыя ўжо падраслі, змогуць дапамагаць.
І дзяржава дапамагае
Свой агарод у Пашкевічаў вялікі: бульба, морква, буракі, гуркі — усё, што трэба. Трымаюць курэй.
— Цяпер пайшла трава расці — трэба палоць, — кажа Юля.
Дапамагае маладой гаспадыні яе маці Святлана Генадзьеўна. Яна і з дзецьмі сядзіць, і нават бярэ іх з сабой на ферму: каб змалку ведалі, што такое праца.
Дзяржава таксама падтрымлівае. Дэкрэтныя выплаты да трох гадоў, надбаўка на старэйшых дзяцей, за садок — толькі 50 %. Для шматдзетнай сям’і гэта адчувальная палёгка.
Школа і садок — за 6 кіламетраў. Туды і назад дзяцей возіць спецыяльны школьны аўтобус, таму праблем з дастаўкай няма.
Сапраўдныя «ўладары сяла»
У 2024 годзе Пашкевічы сталі пераможцамі раённага конкурсу «Уладар сяла». Не дзеля славы — проста хацелі паказаць, што жыць на зямлі можна і трэба. Што маладая сям’я можа трымаць гаспадарку, гадаваць дзяцей, любіць сваю працу.
Усе святы сям’я адзначае разам — у сваім утульным двары. Звычайна смажаць шашлыкі. Дзеці скачуць на батуце, гайдаюцца на арэлях. Дарослыя сядзяць за сталом. У іх доме пануе гармонія і чуваць дзіцячы смех.
— А што яшчэ трэба! — гаворыць галава сямейства. — Самае галоўнае — вяртацца дадому, дзе цябе чакаюць. Астатняе — проста праца. Яна ёсць. Цяжка, але калі побач правільны чалавек і дзеці — усё іншае пераадольваецца.
Для сям’і Пашкевічаў невялікі аграгарадок Літусава, што ў Сенненскім раёне на Віцебшчыне, стаў тым месцам, дзе ў іх з’явіўся свой дом, дзе яны стварылі свой маленькі сусвет і пабудавалі сваё шчасце. І аднавяскоўцы, здаецца, імі толькі ганарацца.
Надзея ЗУЕВА
Фота аўтара і з адкрытых крыніц