Чалавек, які не мае дома, таму што студэнт і жыве ў інтэрнаце, вырас без бацькі і нават ніколі яго не ведаў, схільны да авантур і несумленных учынкаў, урываецца ў чужую сям’ю — але ці стане там сваім?
П’еса Аляксандра Вампілава «Старэйшы сын» — гэта добрая савецкая класіка, да якой шмат разоў звярталіся ў тэатры і кіно. І нягледзячы на вядомасць гісторыі (у тым ліку дзякуючы бліскучым ролям Яўгена Лявонава, Мікалая Карачанцава і Міхаіла Баярскага ў экранізацыі 1975 года), у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры вырашылі яе ўвасобіць на сцэне.
Можна дакладна прагназаваць поспех пастаноўкі, якую здзейсніла рэжысёр Таццяна Аксёнкіна, сярод людзей больш сталага веку: яны могуць памятаць і параўноўваць. А моладзь будзе адкрываць для сябе нечаканы сюжэт, які сёння можа падавацца крыху нерэальным. Усё ж і ў наш час ёсць даверлівыя людзі, і гэтым карыстаюцца махляры. Студэнт-медык Бусыгін паступіў не зусім сумленна ў дачыненні да чужой сям’і, таму што хацеў правучыць Сарафанава за амаральны ўчынак (як яму падалося). Апынуўшыся з выпадковым знаёмым Сільвай недзе на ўскраіне горада, калі электрычкі ўжо не ездзяць, яны не змаглі знайсці начлег. А ў адной кватэры яшчэ не спалі...
Андрэй Сарафанаў заклапочаны станам сына: ён рызыкуе не скончыць школу з-за раптоўнага кахання да дзяўчыны, якая нашмат старэйшая і працуе ў судзе. Менавіта да яе тата юнака ідзе позна ўвечары, каб дамовіцца пра прыязнасць да сына, які пагражае ўцячы з дому. Але Васю спыняе... «старэйшы брат» з прыяцелем, які раптам узнікае ў дзвярах сціплай кватэры. Вядома, гэта шок. Дзіўна, што тата прымае Валодзю за сына, пра якога нават не ведаў. Хіба толькі дачка Сарафанава Ніна ставіць гэту вестку пад сумнеў. Ненадоўга: брат ёй спадабаўся. І сапраўды, студэнт-медык здолеў хутка ўсіх прымірыць і гарманізаваць атмасферу ў доме...
Героі Вампілава — неідэальныя людзі, яны памыляюцца і робяць сумнеўныя ўчынкі. Але амаль усе яны з добрай душой. А гэта тое, што яднае нават чужых людзей.
П’еса не маленькая, таму гледача вырашылі зацікавіць дадаткова, уключыўшы ў дзею музычныя эпізоды, якія ўплятаюцца ў сюжэт і дадаюць спектаклю рухомасці, што важна асабліва для моладзі, каб тэмы, якія абмяркоўваюцца, не прымаліся за маралізатарства. У той жа час гледачы з багатым жыццёвым досведам пазнаюць мелодыі (ёсць адсылка нават да Акуджавы «Дзяжурны па красавіку») сваёй маладосці.
Каб данесці важныя думкі праз вампілаўскія вобразы, патрэбны акцёры пэўнага ўзроўню. Варта парадавацца за Юрыя Шэланкова, які бліскуча сыграў бацьку-Сарафанава. Нібыта на яго пісалася і ставілася! Для раскрыцця сэнсу мае значэнне дуэт таты-Шэланкова і яго наваяўленага сына, якога падчас прэм’еры іграў Аляксей Вінаградаў. Наогул для такіх пастановак важны акцёрскі ансамбль — і добра, што тэатру ёсць з каго выбіраць, паколькі падрыхтаваныя два склады выканаўцаў. Рашэнне мастака-пастаноўшчыка Таццяны Мацэвіч дазваляе хутка трансфармаваць вуліцу з ліхтарамі, паштовымі скрынямі ды тэлефоннымі будкамі ў кватэру Сарафанавых з вельмі сціплай абстаноўкай, дзе «парадная» частка з партрэтамі кампазітараў і палічкай для кларнета суседнічае са старым сталом і рознымі крэсламі з табурэткамі для гасцей. Мастак па касцюмах Лідзія Малашэнка апранула герояў у строі, якія не прывязаны да часу: то-бок, падобная гісторыя магла б здарыцца калі заўгодна, таму што для людзей важная любоў — менавіта яе шукаюць героі, кожны па-свойму.
Ларыса ЦІМОШЫК,
фота аўтара.