Добры сябар і надзейны партнёр
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайнам у жніўні было дамоўлена, што парламентарыі М’янмы наведаюць Беларусь з візітам для прыняцця важных рашэнняў адносна далейшага супрацоўніцтва.
— Рэспубліка Саюз М’янма для Беларусі — добры сябар і надзейны партнёр у Паўднёва-Усходняй Азіі. Менавіта так мы ацэньваем наша супрацоўніцтва, — падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі. — І, вядома, тыя дамоўленасці і рашэнні, якія былі прыняты ў апошнія гады, маюць гістарычнае значэнне для нашага сяброўства. Несумненна, ключавым для нас стаў 2025-ы год, калі ўпершыню адбыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў Рэспубліку Саюз М’янма. А затым з візітам у адказ у жніўні ў Беларусі пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Саюз М’янма. Пасля гэтых візітаў былі прыняты вельмі важныя рашэнні і падпісана больш за 30 дакументаў. Вельмі важная дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі на 2026—2028 гады.
Нягледзячы на вялікую адлегласць паміж краінамі, беларускі бок станоўча ацэньвае развіццё двухбаковага супрацоўніцтва, падкрэсліла Наталля Качанава.
— Трэба адзначыць, што мы заўсёды прытрымліваліся добрых адносін, — заўважыла спікер Савета Рэспублікі. — Перш за ўсё для нас вельмі важна ўзаемадзеянне і падтрымка адно аднаго на міжнародных пляцоўках. Дзякуем вам за падтрымку прасоўвання ідэй Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Гэта была цудоўная ідэя Беларусі.
Беларусь і М’янма маюць падобныя погляды на знешнюю палітыку, падкрэсліла Наталля Качанава.
— Гэта суверэнітэт, незалежнасць сваіх краін, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, — удакладніла спікер. — Гэта палітыка сёння павінна быць ключавой у свеце: калі сыходзіць аднапалярны свет і на змену яму прыходзіць шматпалярны. Мы павінны зрабіць усё, каб нашы людзі, нашы народы жылі ў сваіх суверэнных дзяржавах.
У гэтай сувязі важная роля парламенцкага вымярэння.
— Для нас важна міжпарламенцкае ўзаемадзеянне, таму што мы з вамі прадстаўляем заканадаўчыя органы нашых краін, — адзначыла спікер. — Мы рады таму, што ў нашых парламентах ужо дзейнічаюць рабочыя групы, групы дружбы па ўзаемадзеянні паміж нашымі парламентамі.
Наталля Качанава расказала замежным калегам, што сёлета беларускаму парламенту спаўняецца 30 гадоў.
— Па ініцыятыве Прэзідэнта ў 1996 годзе правялі рэферэндум, на якім народ выказаў сваё волевыяўленне, — падзялілася спікер Савета Рэспублікі. — Наша дзейнасць шматгранная, ахоплівае практычна ўсе кірункі жыццядзейнасці. Безумоўна, гэта работа над законамі, якіх у нашай краіне налічваецца 2 300. Гэта ў тым ліку міжнародная дзейнасць. А таксама работа ў рэгіёнах, работа з людзьмі, што вельмі важна. Спектр кірункаў нашай дзейнасці — гэта практычна ўсё тое, чым жыве наша краіна. Мы з вялікай радасцю падзелімся тымі напрацоўкамі, якія ў нас ёсць.

Наталля Качанава адзначыла, што адным з найважнейшых кірункаў для ўзаемадзеяння дзвюх краін з’яўляецца эканоміка.
— Наша краіна экспартаарыентаваная, мы з’яўляемся пастаўшчыкамі калійных угнаенняў, сельскагаспадарчай тэхнікі, — расказала спікер. — Маюцца добрыя дасягненні ў вытворчасці прадуктаў харчавання, якія мы дастаўляем у 117 краін свету. Мы гатовыя супрацоўнічаць па тых кірунках, якія былі вызначаны дарожнай картай і якія цяпер адпрацоўваюць нашы міністэрствы і ведамствы. Тавараабарот паміж нашымі краінамі летась склаў 16 мільёнаў долараў, але мы разумеем, што ў нас велізарны патэнцыял для супрацоўніцтва ў сферы эканомікі.
Супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі — гэта яшчэ адзін важны складнік узаемадзеяння паміж краінамі, падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.
— Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Члены Савета Рэспублікі — прадстаўнікі ўсіх абласцей нашай краіны і горада Мінска. Для нас вельмі важнае рэгіянальнае супрацоўніцтва. Я думаю, што мы і тут знойдзем агульныя падыходы, — выказала перакананне яна. — У нас ёсць добрыя напрацоўкі. Напрыклад, мы праводзім форумы рэгіёнаў з Расійскай Федэрацыяй, дзе абмяркоўваем важныя пытанні ўзаемадзеяння і падпісваем кантрактныя пагадненні аб далейшым супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі.

Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы ў сферах адукацыі, культуры, навукі і іншых таксама будзе развівацца.
«Для нас супрацоўніцтва з Беларуссю мае вялікае значэнне»
Кіраўнік дэлегацыі, Старшыня Палаты нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза Аун Лін Две падчас сустрэчы падрабязна спыніўся на ключавых прыярытэтах узаемадзеяння дзвюх краін. Высокі госць выказаў шчырую ўдзячнасць за цёплы прыём і адзначыў стратэгічны характар двухбаковых адносін, асабліва падкрэсліўшы дынаміку кантактаў на найвышэйшым узроўні, уключаючы гістарычныя візіты і рэалізацыю дамоўленасцяў.
Аун Лін Две акцэнтаваў увагу на важнасці парламенцкай дыпламатыі і ўмацавання сувязяў паміж заканадаўчымі органамі, а таксама на актывізацыі гуманітарных і маладзёжных ініцыятыў.
— Для нас супрацоўніцтва з Беларуссю мае вялікае значэнне, — падкрэсліў ён. — Мы гатовыя супрацоўнічаць з вамі па ўсіх кірунках, развіваць гандлёва-эканамічныя сувязі, прамысловую кааперацыю і ўмацоўваць партнёрства на міжнародных пляцоўках у імя працвітання нашых народаў.

Пасля перагавораў прайшла цырымонія падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Палатай нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза Рэспублікі Саюз М’янма.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Даслоўна
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК назваў візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Саюз М’янма гістарычным:
— Ён пацвярджае паслядоўны курс на паглыбленне нашага двухбаковага супрацоўніцтва, які быў вызначаны нашымі лідарамі ў рамках праведзеных афіцыйных візітаў прэзідэнтаў Беларусі і М’янмы. Візіт Старшыні Палаты нацыянальнасцяў з’яўляецца яго першым візітам пасля праведзеных сёлета парламенцкіх выбараў у гэтай краіне. Гэта падкрэслівае асаблівае значэнне. Падчас сустрэчы мы абмеркавалі шырокае кола пытанняў і канстатавалі дастаткова высокі ўзровень палітычнага дыялогу паміж краінамі.