Top.Mail.Ru

Узаемны курс на пашырэнне міжпарламенцкіх кантактаў

Сумесная сустрэча спікераў палат Нацыянальнага сходу Беларусі з дэлегацыяй Арабскага парламента на чале са Старшынёй Мухамедам Ахмедам Аль-Ямахі адбылася ў Палаце прадстаўнікоў


Кіраўнікі дзвюх палат беларускага парламента разам з дэлегацыяй Арабскага парламента правялі сустрэчу ў шырокім фармаце, спікеры таксама паказалі гасцям сэрца беларускага парламентарызму — Авальную залу Дома ўрада. Знакавай падзеяй стала падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Арабскім парламентам.

«Мы цэнім нашу дружбу і супрацоўніцтва»

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што для беларускага боку парламент Лігі арабскіх дзяржаў вельмі важны. «Мы цэнім нашу дружбу і супрацоўніцтва, — падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі. — Паміж Беларуссю і арабскімі краінамі склаліся добрыя партнёрскія адносіны. Мы выдатна разумеем, што гэта шмат у чым залежыць ад той палітыкі, якую праводзіць наш Прэзідэнт, і, несумненна, ад кіраўніцтва краін Лігі арабскіх дзяржаў».

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што пазіцыі бакоў па многіх міжнародных пытаннях ляжаць у адной плоскасці. «Мір і згода, міралюбная палітыка нашай краіны (падобная да палітыкі Лігі арабскіх дзяржаў. — „Зв.“). Мы ўдзячныя за падтрымку, якую вы аказваеце, і мы аказваем вам яе ў рабоце міжнародных арганізацый, такіх як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Рух недалучэння, ШАС, БРІКС. Гэта вельмі важна — падтрымка парламентарыямі міралюбнай палітыкі на ўсіх узроўнях».


Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што ёсць вялікая колькасць агульных тэм для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Лігай арабскіх дзяржаў. «Перш за ўсё, гэта, вядома, датычыцца міралюбнай палітыкі Беларусі. Мы сёння гаварылі на сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы аб Сектары Газа. Хачу адзначыць, што мы заўсёды паслядоўна выступалі за спыненне гэтага жудаснага канфлікту. Мы ўсяляк падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вырашэнне ўсіх канфліктаў толькі мірным шляхам».

Наталля Качанава назвала вельмі важным гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва бакоў, супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя, гуманітарнай сферы, паміж моладдзю. «Гэта тыя тэмы, якія мы можам прасоўваць сумесна, вырашаючы многія пытанні, накіраваныя на інтарэсы нашых народаў і краін».

«Мы гатовыя і далей нарошчваць палітычныя і міжпарламенцкія кантакты»

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА выказаў упэўненасць, што візіт дэлегацыі арабскага парламента адкрые новую старонку ў гісторыі супрацоўніцтва Беларусі і Лігі арабскіх дзяржаў, а тэмы абмеркавання атрымаюць далейшае развіццё і стануць асновай для працягу доўгатэрміновага і плённага супрацоўніцтва па многіх пытаннях. 


«Беларусь заўсёды даражыла адносінамі з Лігай арабскіх дзяржаў, яе ўдзельнікамі. Тым больш у наступным годзе будзе адзначацца юбілейная дата — 20-годдзе супрацоўніцтва з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй, — адзначыў спікер Палаты прадстаўнікоў. — Мы разам выступаем за захаванне агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, раўнапраўнае супрацоўніцтва і культурную разнастайнасць».

Ігар Сергяенка акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь паслядоўна падтрымлівае пазіцыю арабскіх краін на міжнароднай арэне, у тым ліку па пытаннях рэгіянальнага, глабальнага міру і бяспекі.

«Мы гатовыя і далей нарошчваць палітычныя і міжпарламенцкія кантакты. Вядома, іх трэба падмацоўваць канкрэтным парадкам дня. Тым больш у нашых краін шмат агульных узаемных інтарэсаў», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.


Ключавы крок у пашырэнні міжпарламенцкіх кантактаў

Спікер Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным сходам Беларусі і Арабскім парламентам, якое адбылося па выніках сустрэчы, стане ключавым крокам у пашырэнні міжпарламенцкіх кантактаў, а наладжаныя сувязі набудуць больш сістэмную аснову, напоўняцца новым зместам, які адпавядае духу часу і патрабаванням сённяшняга дня.

Падчас сустрэчы таксама быў пацверджаны ўзаемны курс на пашырэнне эканамічных, гандлёвых сувязяў з краінамі Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу. Ініцыятыва па падрыхтоўцы канкрэтных прапаноў у сферы эканомікі была падтрымана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Такія прапановы будуць сумесна падрыхтаваныя.

Даслоўна 

Адносіны выходзяць на ўзровень стратэгічнага партнёрства

У размове з журналістамі Старшыня Арабскага парламента Мухамед Ахмед Аль-Ямахі падзякаваў за магчымасць падчас сустрэчы з беларускімі парламентарыямі абмеркаваць самыя актуальныя тэмы. «Нашы адносіны выходзяць на новы ўзровень — узровень стратэгічнага партнёрства. Мы надаём вялікае значэнне міжпарламенцкаму супрацоўніцтву, паколькі лічым, што яно з’яўляецца працягам афіцыйнай дыпламатыі. Нашы адносіны закранаюць усе асноўныя тэмы супрацоўніцтва на ўзроўні 22 арабскіх дзяржаў — членаў Арабскага парламента. Яны ўключаюць у сябе ўсе сферы ўзаемадзеяння без выключэння: гандлёвую, эканамічную, адукацыйную, галіну медыцыны. Мы выказваем падзяку за насычаную праграму, якую маем падчас візіту ў Беларусь. Узаемадзеянне на міжпарламенцкім узроўні паміж арабскімі краінамі і Рэспублікай Беларусь садзейнічае ўмацаванню адносін ва ўсіх галінах і служыць інтарэсам народаў нашых краін».


Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю