Top.Mail.Ru

Мемарыяльную дошку Івану Чыгрынаву адкрылі ў Касцюковічах у Дзень беларускага пісьменства

Мемарыяльную дошку народнаму пісьменніку Беларусі Івану Чыгрынаву ўрачыста адкрылі ў XXXIII Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах, перадае БелТА.



Мемарыяльная дошка заняла месца на будынку Цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая мае імя славутага земляка з 1996 года. У цырымоніі прыняла ўдзел дачка пісьменніка Алена Чыгрынава.

«Я бачыла ўжо дошку, мне прысылалі і эскіз, і канчатковы варыянт. Усё дастойна, і бібліятэка дастойная. Гэты новы будынак, вельмі ўтульны», — сказала Алена Чыгрынава.

Паводле яе слоў, ва ўстанове беражліва захоўваецца спадчына земляка. Тут дзейнічае пастаянны мемарыяльны куток, дзе прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменніка: дамашні партрэт работы ленінградскага мастака Сяргея Ткачэнкі, бюст скульптара Гарбуновай і асабістая бібліятэка з імянной пячаткай. У 2024 годзе да 90-гадовага юбілею літаратара сям’я перадала фондам унікальны пяцітомны збор твораў, а таксама каля 700 кніг з яго дамашняй калекцыі.

«Бібліятэка для таго і існуе, каб быць знаёмай з творчасцю і чытаць», — падкрэсліла дачка пісьменніка.

Напярэдадні ў Касцюковічах адбылася прэзентацыя літаратурнага зборніка «Тут, дзе Бесядзь цячэ». Кніга аб’яднала творы аўтараў Касцюковіцкага рэгіёна — ад прызнаных майстроў слова, такіх як Чыгрынаў, Куляшоў і Пісьмянкоў, да сучасных паэтаў і празаікаў. Алена Чыгрынава высока ацаніла якасць выдання, назваўшы яго правільным і важным крокам для падтрымкі мясцовых талентаў.

«Тут людзі атрымалі шанц быць надрукаванымі, гэта вельмі дарагога каштуе. Вельмі правільны ўчынак — выдаваць літаратурныя зборнікі тых раёнаў, дзе праходзяць святы Дня пісьменства», — адзначыла яна.

Госця таксама падзялілася ўражаннямі ад падрыхтоўкі горада да свята. Асаблівую ўвагу яна звярнула на мурал з выявамі знакамітых землякоў — Івана Чыгрынава і Аркадзя Куляшова.

«Мяне ўразіла: там і Чыгрынаў, і Куляшоў. Малайцы, так нестандартна падышлі да гэтага пытання. Гэта будзе доўгая памяць: свята ўжо сёння закончыцца, а мурал будзе яшчэ доўга напамінам аб земляках, аб таленавітых знакамітых пісьменніках», — рэзюмавала Алена Чыгрынава.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю