Грамадзянскія ініцыятывы з’яўляюцца эфектыўнай формай удзелу насельніцтва ў ажыццяўленні мясцовага кіравання. У гэтым можна пераканацца на прыкладзе Віцебскай вобласці.
— У 2024 годзе на конкурс праектаў грамадзянскіх ініцыятыў было ўнесена 20 прапаноў, прынята да рэалізацыі 16 з фінансаваннем больш чым 333 тысячы рублёў. Летась заяў было 64, перамаглі ў конкурсе 11, і яны былі прафінансаваны ў аб’ёме 540 тысяч рублёў, — прывяла статыстыку выканаўчы дырэктар выканаўчай дырэкцыі абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Кацярына Лазоўская. — Усе праекты ўвасоблены ў жыццё, гэтай вясной адбудзецца адкрыццё чатырох аб’ектаў, якія засталіся, — у Оршы, Віцебскім і Шумілінскім раёнах.
Сёлета на конкурс паступіла 79 заявак з усіх рэгіёнаў вобласці. Яны ахопліваюць ключавыя кірункі ўстойлівага развіцця рэгіёнаў: добраўпарадкаванне грамадскіх прастораў, развіццё турыстычнай інфраструктуры, стварэнне камфортнага асяроддзя для сем’яў з дзецьмі і маламабільных груп насельніцтва, сферы культуры і спорту. Адбылося пасяджэнне камісіі з запрашэннем незалежных экспертаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і СМІ, каб вызначыць найлепшых.
43 фіналісты прадстаўлялі іх асабіста. Больш за 20 праектаў прызнаны пераможцамі і будуць рэалізаваны на працягу гэтага і на пачатку будучага года.
Напрыклад, у папярэднія гады дзякуючы рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы дадзена новае жыццё валуну «Вялікі камень», што паблізу ад вёскі Горкі Шумілінскага раёна. Гэта геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, самы вялікі знойдзены ў Беларусі камень. Згодна з праектам, добраўпарадкавана тэрыторыя каля яго, заменена альтанка, адноўлены інфармацыйны стэнд і ўладкаваны фотазоны, а набытыя VR-акуляры дазволяць зрабіць віртуальнае падарожжа ўглыб стагоддзяў, калі валун быў прынесены на гэту тэрыторыю ледніком.
— Адметна, што наша пачынанне падтрымала мясцовая ўлада: да шумілінскай славутасці дадаткова праклалі асфальтаваную дарогу. Да добраўпарадкавання далучаецца грамадскасць, — распавяла ініцыятар праекта, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Шумілінскага рэгіёна «ЭкаБум» Ірына Кулікава. — Засталося дабудаваць уваходную групу — і адбудзецца ўрачыстае адкрыццё аб’екта і новага турыстычнага маршруту. Звышзадача, якой мы хочам дабіцца, заключаецца ў папулярызацыі ўнікальнай лакацыі для турыстаў, а таксама яе манетызацыі.
- Дарэчы, актыўныя шумілінцы — аўтары яшчэ адной грамадзянскай ініцыятывы экалагічнай накіраванасці: «Марсіянскі пейзаж як на далоні». На плошчы 5 кв. кіламетраў вялізнага рэспубліканскага заказніка «Казьянскі» знаходзіцца больш як 400 азёр. З вышыні гэта мясцовасць выглядае як іншапланетная, таму грамадзянская ініцыятыва прадугледжвала ўсталяванне агляднай вышкі на краі балота каля вёскі Вішня, адкуль можна любавацца адмысловымі краявідамі. Хіба не цікава? Гэтаму паспрыяе распрацаваны адукацыйны турыстычны маршрут.
Віцебская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў у 2025 годзе ініцыіравала абласны агляд-конкурс маладзёжных ініцыятыў «Праектуй будучыню». На яго паступіла 30 заявак ад грамадзян ва ўзросце да 31 года з усіх раёнаў, у жніўні пераможцамі былі аб’яўлены тры праекты: «Круці педалі да здароўя і чыстай планеты» (Талачын), «Арт-дворык. Свабода творчасці без узросту і межаў» (Докшыцы), «Пакой рэлаксацыі» (Багушэўск, Сенненскі раён). Фінансаванне праектаў ажыццяўляецца за кошт членскіх узносаў удзельнікаў асацыяцыі.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы праекта «Круці педалі да здароўя і чыстай планеты» Ганна Кулік расказала, што дзякуючы фінансавай падтрымцы набыты сучасныя веласіпеды. Моладзь з дапамогай мясцовых арганізацый уладкавала сцяжыну здароўя, стварыла цэлы комплекс для сямейнага адпачынку непадалёк ад Талачына. Дарэчы, менавіта тое, у чым населеныя пункты маюць патрэбу, што зроблена сваімі рукамі, становіцца папулярным і асабліва цэніцца.
Цікава, што на месцах рэалізоўваюцца не толькі тыя грамадзянскія ініцыятывы, якія па выніках конкурсных адбораў атрымліваюць бюджэтнае фінансаванне. Грамадзяне ўсё актыўней скарыстоўваюцца сваім правам уносіць прапановы аб рэалізацыі тых ці іншых праектаў у сваёй мясцовасці. Часцей гэта датычыцца добраўпарадкавання, і людзі робяць унёскі не толькі грашыма, але і асабістым удзелам у навядзенні парадку на роднай зямлі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота з адкрытых крыніц