Top.Mail.Ru

Меркаванні: Рэзалюцыя Еўрапарламента па выбарах у Беларусі — абсурдная

Сёння дэпутаты Еўрапарламента большасцю галасоў прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі краіны ЕС не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама працягваць пашыраць санкцыі супраць Мінска.


З гэтай нагоды прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў аб найгрубейшым умяшанні Еўрасаюза ў беларускую электаральную кампанію. Ён адзначыў, што рэзалюцыя Еўрапарламента з’яўляецца найгрубейшым умяшаннем у электаральныя працэсы суверэннай дзяржавы, не мае нічога агульнага з рэальным станам спраў і заклікана аказаць ціск на свабоднае волевыяўленне беларускіх грамадзян.

Таксама Анатоль Глаз закрануў тэму прыстутнасці на выбарах назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. «Ёсць інсінуацыі адносна запрашэння БДІПЧ АБСЕ назіраць за выбарамі. На ўсялякі выпадак нагадваем, што адпаведнае запрашэнне ў адрас бюро было накіравана. І 17 студзеня пацвердзіла само БДІПЧ. І яны ўсё яшчэ маюць магчымасць прыехаць», — заўважыў Анатоль Глаз. Разам з тым ён заўважыў, што для беларускага боку рашэнне БДІПЧ АБСЕ не мае прынцыповага значэння, бо для назірання за выбарамі акрэдытавана ўжо больш за 450 міжнародных наглядальнікаў з 49 краін.

Што датычыцца названай рэзалюцыі Еўрапарламента, Ала Смаляк, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, адзначае: «У нашай краіне яшчэ толькі стартавала датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а дэпутаты Еўрапарламента ўжо прынялі рэзалюцыю і маюць намер заклікаць краіны Еўрасаюза не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у беларускай дзяржаве.» Парламентарый заўважыла, што непрызнанне выбараў у якой-небудзь краіне, якая не жыве па ўказцы калектыўнага Захаду, — гэта ўжо заезджаны інструмент, стандартная схема спробы еўрачыноўнікаў прадэманстраваць сваю сілу на сусветнай арэне.

«Да таго ж гэта відавочная дэманстрацыя таго, што меркаванне, інтарэсы, волевыяўленне беларускага народа для еўрачыноўнікаў не маюць ніякага значэння. Бо ў іх сістэме каштоўнасцяў ключавыя арыенціры — толькі іх амбіцыі, намеры, інтарэсы, памкненні, жаданне кантраляваць увесь свет і дыктаваць яму свае ўмовы. Але Беларусь дакладна пад дыктоўку звонку не жыла і жыць не збіраецца», — пакрэсліла Ала Смаляк.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў заявіў: «Беларускія парламентарыі абураныя рэзалюцыяй Еўрапарламента па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Гэты дакумент з’яўляецца грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы нашай краіны і парушае яе электаральны суверэнітэт. Такім чынам робіцца недапушчальная спроба аказаць ціск на беларускіх выбаршчыкаў. Еўрапарламент неправамерны ацэньваць ход выбарчага працэсу ў нашай краіне, не маючы сваіх назіральнікаў і не валодаючы аб’ектыўнай паўнацэннай інфармацыяй. Тэкст рэзалюцыі напоўнены суцэльнымі выдумкамі, фэйкамі і дэзінфармацыяй. Ён не заслугоўвае звароту на яго ніякай увагі і тым больш разгляду. Упэўнены, што заклікі адсталага ад жыцця Еўрапарламента не прызнаваць вынікі выбараў і прадоўжыць палітыку санкцый у дачыненні да Беларусі не будуць пачуты ў свеце, які змяняецца, які ідзе па шляху паглыблення шматпалярнасці і культурнай разнастайнасці».

Выбары ў нашай краіне праходзяць на альтэрнатыўнай аснове, арганізавана і ў спакойнай канструктыўнай абстаноўцы ў поўнай адпаведнасці з беларускім выбарчым заканадаўствам, падкрэсліў парламентарый. Для міжнароднага назірання зарэгістравана больш за 500 замежных прадстаўнікоў, у тым ліку больш за 80 парламентарыяў, сярод якіх і заканадаўцы еўрапейскіх краін. «Мы поўнасцю выконваем свае міжнародныя абавязацельствы ў кантэксце арганізацыі выбарчага працэсу», —сказаў Сяргей Рачкоў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін у каментарыі БелТА адзначыў: «Гэта ад пачатку была замова, якая рыхтавалася яшчэ да старту выбарчай кампаніі. Іх непрызнанне нашых выбараў звязана выключна з той палітыкай — як унутранай, так і знешняй, — якую праводзіць Беларусь».

Вадзім Гігін лічыць, што падобныя ацэнкі самі па сабе з’яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы. «Цяпер яны проста ўсе прыстойнасці адкінулі. І, як мы бачым на Захадзе, рыторыка таго ж Трампа ці еўрапейскіх лідараў стала нават больш цынічнай. Калі раней яны спрабавалі прыкрыць свае дзеянні нейкім флёрам дэмакратычных працэдур, то цяпер і гэта не робяць. Адкрыта парушаюцца нормы дэмакратыі — напрыклад, адмена вынікаў першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі», — звярнуў увагу ён, дадаўшы, што падобныя заявы не аказваюць ніякага ўплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі таксама бачыць геапалітычныя прычыны прыняцця падобнай абсурднай рэзалюцыі: «У першую чаргу гэта супрацьстаянне, якое цяпер разгортваецца паміж заходнім светам на чале з ЗША і Кітаем і Расіяй. Страляюць па Беларусі, а цэляцца далей з гэтай сітуацыі міжнароднага супрацьстаяння, і складваецца стаўленне Еўрапарламента да Беларусі, якая праводзіць суверэнную палітыку і выступае на баку Масквы і Пекіна ў напрамку пабудовы справядлівага шматпалярнага свету», — сказаў Аляксандр Шпакоўскі. Дэпутат упэўнены, што не трэба ўспрымаць сур’ёзна падобныя рашэнні: «Нам яны ўяўляюцца абсурднымі, скажам так. Акрамя таго, шчыра кажучы, Еўрапарламент ні на што не ўплывае па факце».

Але ж, відаць, вельмі хоча паўплываць?

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю