У цэнтры беларускага праваслаўя вялікае свята.
У цэнтры беларускага праваслаўя вялікае свята.
Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр адзначае два юбілеі: 505-годдзе і 555-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, адной з самых шанаваных святынь у праваслаўным свеце.
Святкаванне пачалося 19 мая з богаслужэнняў у храмах манастыра і прадоўжылася імі 20 мая. Пасля хроснага ходу з Жыровіцкім абразом да Яўленскага храма былі зачытаны віншаванні ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
У віншаванні Аляксандра Лукашэнкі адзначаецца: «Больш за пяць стагоддзяў тут гучыць малітва аб дабрабыце роднай зямлі, а цудатворны абраз, які струменіць гаючую сілу, прыцягвае паломнікаў з усяго свету. Мільёны людзей знаходзяць надзею, дакранаючыся да святыні, і духоўна ўзбагачаюцца, наведваючы абіцель».
«Безумоўна, колькасць пілігрымаў радуе, — сказаў у сваю чаргу Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін. — Кожны, хто прыходзіць у святую мясціну, шукае духоўнай карысці, прыносіць радасць, таму што гэта адаб’ецца і на ўнутраным свеце чалавека, на абстаноўцы ў сям’і, у калектыве»
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак дадаў: «Тое, што сёння тут так шмат паломнікаў, так шмат людзей, якія прыйшлі на ўрачыстае богаслужэнне, дэманструе адзінства хрысціянскага свету. І тое, што вялікія гуманістычныя каштоўнасці, якія пакладзены ў аснову хрысціянства, пераважаюць і вядуць нас да ўрачыстасці святла».
Як падкрэсліў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, сёння Беларусь уяўляе сабой прыклад для іншых дзяржаў: у ёй, невялікай, у згодзе і міры жывуць людзі 25 канфесій, якія прадстаўляюць больш за 150 нацыянальнасцяў. У гэту святую мясціну прыязджаюць не толькі праваслаўныя, але і людзі розных веравызнанняў для таго, каб дакрануцца да нашай гісторыі.
Па матэрыялах БелТА.