Top.Mail.Ru
396

Месцы пражывання вялікага падворліка ў Столінскім раёне перадалі пад ахову

Палескаму лясгасу пад ахову перадалі месцы пражывання вялікага падворліка. Рашэнне Столінскага райвыканкама ад 31 кастрычніка 2025 года № 3418 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведаміла БелТА.


Спецыялісты выявілі сляды прысутнасці вялікіх падворлікаў ва ўгоддзях Рубельскага, Сцвігскага, Калоцкага, Альшанскага і Кароціцкага лясніцтваў. Выяўленыя месцы пражывання птушак, унесеных у Чырвоную кнігу, перадалі пад ахову Палескаму лясгасу.

На пэўных участках уводзіцца спецыяльны рэжым аховы і выкарыстання. У прыватнасці, там забараняецца праводзіць высечкі лесу, нарыхтоўваць жывіцу і другарадныя лясныя рэсурсы, наведваць у гнездавы перыяд з 15 сакавіка па 15 верасня. На некаторых тэрыторыях забараняецца праводзіць усе віды высечак і пабочнае лесакарыстанне на працягу ўсяго года. Нельга знішчаць і пашкоджваць дрэвы з гнёздамі на землях па-за лясным фондам. Пры гэтым патрабуецца праводзіць работы па аднаўленні натуральнага гідралагічнага рэжыму і яго падтрыманні ў пазагнездавы перыяд. Неабходна ўстанаўліваць штучныя гнездзішчы ў краявых зонах балот і на мінеральных астравах сярод балот.

Рашэнне Столінскага райвыканкама ўступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

У Беларусі вялікія падворлікі сустракаюцца пераважна на Прыпяцкім Палессі, за межамі гэтага рэгіёна ўбачыць іх можна вельмі рэдка. Асноўныя месцы зімовак гэтых птушак знаходзяцца ў краінах Міжземнамор’я і на Блізкім Усходзе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю