Метэарыт «Смалявічы», які ўпершыню паказалі мінчанам у сталічным планетарыі, прызнаны сусветнай супольнасцю, пра што сведчыць рэгістрацыя ў міжнароднай базе даных (Meteoritical Bulletin Database), паведамляе БелТА.
Пошукі метэарыта доўжыліся на працягу студзеня—лютага гэтага года. Пасля выяўлення навукоўцамі і валанцёрамі пачаліся шматмесячныя даследаванні. Нарэшце, сёння ўпершыню для шырокай грамадскасці метэарыт быў прадстаўлены ў Мінскім планетарыі.
Меркаваная агульная маса рэчыва — да 10 кг. Самыя буйныя асколкі не знойдзены. Навукоўцам, валанцёрам, якія займаліся пошукам, удалося выявіць некалькі фрагментаў агульнай масай каля 680 г.
«Было знойдзена некалькі ўзораў, чатыры з якіх былі перададзены Мінскаму планетарыю. У далейшым яны праходзілі шлях даследавання, прызнання. Узоры былі перададзены НПЦ па геалогіі Мінпрыроды, дзе была створана спецыяльная камісія па метэарытах, якая іх вывучала і прызнала іх унікальнасць», — растлумачыў загадчык планетарыя.
Між тым гэта сёмы метэарыт, знойдзены на тэрыторыі Беларусі за ўсю гісторыю. Знаходка валодае ўнікальным статусам, гэта здабытак краіны.
Метэарыт вывучалі таксама расійскія калегі. Яны правялі рэгістрацыю ў міжнароднай базе даных метэарытаў, якая прызнана міжнароднай супольнасцю. Цяпер у гэтай базе даных ёсць апісанне беларускай знаходкі, яе хімічнага складу і невялікая гісторыя пошукаў.
Па словах Аляксандра Мікуліча, гэта важна і з палітычнага пункту гледжання. Пра падзенне метэарыта ў Беларусі цяпер ведаюць у многіх краінах свету. Метэарыт могуць вывучаць не толькі навуковыя лабараторыі ў Расіі, але і ў іншых краінах, дзе ёсць спецыялізаваныя лабараторыі, якія вывучаюць метэарытнае рэчыва.
«Мяркуем, у далейшым яны будуць зацікаўлены ў даследаванні менавіта гэтага метэарыта. Праводзіцца вялікая навуковая праца, глыбокія навуковыя даследаванні. Рыхтуюцца навуковыя артыкулы, у якіх будзе згадвацца і метэарыт "Смалявічы". З навуковага пункту гледжання гэта вельмі значная падзея», — сказаў на заканчэнне загадчык планетарыя.