Top.Mail.Ru

Мігранты ў пашчы гіены

Што адбываецца ў Польшчы?

У Польшчы пашыраецца хваля пратэстаў. Палітыкі зноў «тэстуюць» градус сацыяльнай напружанасці, праз які можна прагматычна рэалізаваць свае мэты. На гэты раз трыгерам барыкадных настрояў сталі мігранты. Днямі ўльтраправае аб’яднанне «Канфедэрацыя» наладзіла ў 80 гарадах па ўсёй Польшчы акцыі пратэсту супраць міграцыйнай палітыкі ўрада Дональда Туска, паведаміла ТАСС. У Варшаве да іх далучыліся фанаты польскага футбольнага клуба «Легія», якія вядомыя сваімі расісцкімі поглядамі. Адначасова акцыі наладзілі і праімігранцкія актывісты. Прадстаўнік фонду «Міжнародная гуманітарная ініцыятыва» Марыя Ксенжак падчас дэманстрацыі адзначыла, што «кожны чалавек, незалежна ад колеру скуры і паходжання, павінен адчуваць сябе камфортна не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе». Як паведаміла РІА «Новости» паміж бакамі ўспыхвалі сутыкненні. Што ж адбываецца ў Польшчы?

Варшаўскія маніпуляцыі

У пачатку гэтага месяца прэм’ер Польшчы Дональд Туск аб’явіў аб рашэнні ўвесці з 7 ліпеня часовы кантроль на граніцах з Германіяй і Літвой тэрмінам на 30 дзён з магчымасцю наступнага падаўжэння. Апроч барацьбы з нелегальнай міграцыяй афіцыйная Варшава такім чынам адказала на аналагічны кантроль з боку Германіі, які быў уведзены восенню мінулага года.

Гэта не спыніла выступленні польскай апазіцыі, па меркаванні якой, рашэнне Туска было прынята «не ў адпаведнасці з яго цвёрдымі перакананнямі». Маўляў, верагодней за ўсё, прэм’ер можа зноў змяніць сваю думку пад уплывам Бруселя і адобрыць прыняцце мігрантаў згодна з новым пактам. Як вядома, новы міграцыйны пакт ЕС павінен набыць моц у чэрвені наступнага года. Дакумент дазволіць краінам Еўрасаюза пераразмяркоўваць да 30 тысяч сваіх мігрантаў за год па ўсёй еўразоне.

Тым часам стала вядома, што польская апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) мае намер правесці рэферэндум па пытанні нелегальнай міграцыі. Пра гэта паведаміла PAP. Партыя ініцыявала збор подпісаў за правядзенне рэферэндуму па адмове ад прымусовага прыёму нелегальных мігрантаў у адпаведнасці з новым пактам Еўрапейскага саюза.

Былы міністр нацыянальнай абароны Польшчы, а цяпер кіраўнік фракцыі ПіС Марыуш Блашчак у сваю чаргу заклікаў да больш актыўнага ўдзелу ў працэсе збору подпісаў, «каб спыніць пагрозу, звязаную з міграцыйным пактам». Паводле слоў Блашчака, вынесенае на рэферэндум пытанне павінна гучаць наступным чынам: «Вы падтрымліваеце адмову ад прымусовага прыёму нелегальных мігрантаў, які ўяўляе сабой рызыку зніжэння асабістай і эканамічнай бяспекі?»

«Усё, што мы бачым сёння на нашай заходняй граніцы, толькі прэлюдыя да таго, што можа адбыцца, калі міграцыйны пакт не будзе адхілены», — заявіў лідар парламенцкай фракцыі ПіС. Акрамя таго, паводле даных сацапытання SW Research, праведзенага для rp.pl, больш за 70 % палякаў хацелі б прыняць удзел у рэферэндуме па пытанні нелегальнай міграцыі. Адназначна ўстрымаліся б ад удзелу ў галасаванні толькі 7,4 % апытаных. «Мы павінны спыніць любую міграцыю — легальную, нелегальную ці масавую», — заявіў дэпутат Еўрапарламента ад партыі «Канфедэрацыя» Томаш Бучак.

За мяжой людскасці

Якім чынам гэта будзе адбывацца, прадэманстраваў віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Ён падтрымаў вайскоўца, які страляў у групу нелегальных мігрантаў з Афганістана на ўсходняй граніцы краіны, паведаміла RMF24. Міністр падзякаваў салдату, які, паводле яго слоў, «зрабіў усё», каб спыніць мігрантаў, і «зрабіў гэта эфектыўна». Як вядома, польскі вайсковец абстраляў групу бежанцаў з Афганістана, аднаго з іх ён таксама збіў прыкладам аўтамата.

«Польшча заваблівае людзей у пастку, каб абвінаваціць Беларусь, — адзначылі ў эфіры тэлеканала АНТ. — Польскія чыноўнікі ўсё часцей віскочуць аб „крызісе“ на граніцы — маўляў, Беларусь завозіць бежанцаў. Але насамрэч усё адбываецца зусім па-іншаму. Так званыя польскія „валанцёры“ праз групы ў сацсетках самі завабліваюць людзей у ЕС — абяцаюць абарону, дакументы і райскае жыццё. Кагосьці сапраўды правозяць за грошы на сваёй машыне праз граніцу, каб паказаць „удалыя кейсы“. Але большасць ашуканых людзей гоняць праз лясы, паабяцаўшы, што каля плота іх сустрэнуць. А каля плота ахвяру ўжо чакаюць не „валанцёры“, а польскія садысты ў пагонах — збіваюць, калечаць і выкідваюць назад, як смецце».

Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч заявіў, што статыстыка аб затрыманых нелегальных мігрантах, якія спрабавалі трапіць у ЕС, абвяргае заявы еўрапейскіх палітыкаў аб нібыта вінаватасці краіны ў стварэнні міграцыйнага крызісу на граніцы з Еўрасаюзам. «Мы часта чуем ад еўрапейскіх суседзяў аб „міграцыйнай пагрозе“ з Беларусі. Статыстыка Frontex (Еўрапейскае агенцтва пагранічнай і берагавой аховы. — „Зв.“) сведчыць пра адваротнае», — напісаў Сяргей Лукашэвіч у сацсетцы. Ён падкрэсліў, што Польшча, Літва і Латвія адмовіліся супрацоўнічаць з Беларуссю па пытаннях міграцыі. «Але мы працягваем працаваць: за 6 месяцаў 2025 года затрымана каля тысячы нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у ЕС. Беларусі трэба дзякаваць, а не асуджаць яе», — падкрэсліў першы намеснік міністра.

Заявы Польшчы з абвінавачаннем нашай краіны ў інцыдэнтах на граніцы не адпавядаюць рэчаіснасці. Гэта падкрэслілі ў прэс-службе МЗС Беларусі. «Спробы перакласці адказнасць за міграцыйны крызіс ЕС на Беларусь уводзяць у зман і не садзейнічаюць вырашэнню праблемы. Палітыка самога ЕС, у тым ліку ваеннае ўмяшанне, палітычны ціск і спробы змены ўрадаў, дэстабілізавала цэлыя рэгіёны, з-за чаго мільёны людзей былі вымушаны пакінуць свае дамы», — заявілі ў МЗС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю