Top.Mail.Ru

Міхаіл Мясніковіч: «Трэба не перамолваць рэсурсы, а нарошчваць дабаўленую вартасць»

Падчас выступлення на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Эканоміка Беларусі: рост, інавацыі, бяспека», арганізаванай Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч акцэнтаваў увагу на ключавых аспектах развіцця эканомікі.

Пасля дэмантажу глабальных эканамічных сувязяў і вытворчых ланцужкоў свет фрагментуецца, імкнецца да шматпалярнасці. Гэта катэгорыя светабудовы мае мноства невядомых. У дадзеным разрэзе, на думку Міхаіла Мясніковіча, вельмі важны факт прыняцця і зацвярджэння стратэгічных дакументаў, якія вызначаюць стратэгію развіцця краіны на найбліжэйшыя 5–15 гадоў. «У нас у Беларусі карціна будучыні не размытая», — адзначыў ён. — Рашэнні аб развіцці краіны прынятыя. І людзі могуць адчуваць сябе ўпэўнена. А ўпэўненасць — вельмі важны паказчык менавіта для эканамічнага дабрабыту«.
Разам з тым, перакананы ён, неабходна актывізацыя па рэалізацыі намечаных планаў. «Многае губляем з-за часам млявай выканальніцкай дысцыпліны», — лічыць эксперт. Неабходна актывізаваць ініцыятыву на месцах, каб кіраўнікі заходзілі ў рэальныя механізмы развіцця, а не пасіўна чакалі даручэнняў зверху. Прынцыповыя вектары пазначаныя на самым высокім узроўні. Але іх напаўненне канкрэтнымі дзеяннямі і праектамі павінна адбывацца па ўсёй кіраўніцкай вертыкалі.


Па перакананні Міхаіла Мясніковіча, для павышэння дабрабыту практычна адсутнічае альтэрнатыва фарсіраванай пабудове інавацыйнай эканомікі. Без новых тэхналогій, арганізацыі бізнес-працэсаў з павышэннем прадукцыйнасці працы ўжо немагчыма забяспечыць эканамічны рост. Узровень занятасці за апошнія гады павысіўся. А людзей у прамысловасці і сельскай гаспадарцы не хапае. На думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна крытычна паглядзець на якасць рабочых месцаў: і з пункту гледжання заработнай платы, і ўмоў працы. Паводле яго пераканання, пакуль недастаткова стымулаў, каб прыцягваць у рэальны сектар моладзь. Таму пры вельмі нізкім агульным беспрацоўі колькасць не ўцягнутай у эканоміку моладзі значна вышэй за прадстаўнікоў іншых узроставых катэгорый. Неабходна ствараць эканоміку будучыні, у якую накіруюцца і маладыя людзі, у якіх ужо некалькі іншыя ўяўленні аб выдатным рабочым месцы.


Магчымасці па павышэнні заработнай платы ў рамках дзеючых у Беларусі тэхналагічных укладаў вельмі абмежаваныя, зыходзячы з макраэканамічных даных. Эксперт прывёў лічбы. 

Доля заработнай платы ў ВУП у Беларусі дасягнула 45-47 %. Гэта высокі паказчык, на ўзроўні ці нават вышэйшым за індустрыяльныя дзяржавы. У ЗША заработная плата складае каля 50 % ВУП, у Францыі — каля 42 %, Турцыі — каля 35 %. Натуральна, напрошваецца выснова, што для далейшага росту дабрабыту неабходна павышаць ВУП на душу насельніцтва. А для гэтага неабходныя дакладныя і эфектыўныя інавацыйныя праграмы.

Пры гэтым, лічыць Міхаіл Мясніковіч, неабходна арыентавацца «не на перамолванне рэсурсаў, а на атрыманне максімальна магчымай дабаўленай вартасці». І з гэтага пункту гледжання, перакананы эксперт, неабходна праводзіць папярэднюю экспертызу інавацыйных праектаў. Пытанне тым больш прынцыповае, бо эканоміцы даводзіцца функцыянаваць ва ўмовах адсутнасці лішніх працоўных рэсурсаў. І наяўныя неабходна выкарыстоўваць максімальна эфектыўна. Мігранты, як лічыць Міхаіл Мясніковіч, не могуць цалкам вырашыць праблему кадраў. І да запрашэння ў краіну работнікаў неабходна ставіцца вельмі акуратна, з улікам іх кваліфікацыі і патрэбы беларускіх прадпрыемстваў. У гэтых адносінах у Беларусі, зыходзячы з патрабаванняў Прэзідэнта, выбудавана прадуманая сістэма.
Ісці па трэку эфектыўнасці і павышэння якасці прымушае нас і сітуацыя ў рэгіянальнай эканоміцы. Міхаіл Мясніковіч прывёў лічбы па інвестыцыях Кітая ў Беларусь і ў сяброўскія нам краіны: Расію, Казахстан, Узбекістан, Туркменістан. У гэтыя краіны Пекін укладвае дзясяткі мільярдаў долараў. З чаго эксперт робіць дзве высновы. Па-першае, нягледзячы на ўсе знешнія штормы, у рэгіёне ёсць інвестыцыйны патэнцыял. І нашай краіне неабходна фарміраваць праекты, каб гэтыя сродкі прыцягнуць. Пакуль нельга сказаць, каб у гонцы за грашыма мы выйгравалі ў нашых партнёраў. Па-другое, неабходна сур’ёзна задумацца аб засваенні вытворчасці высакаякаснай прадукцыі новага пакалення. Значная доля кітайскіх інвестыцый ідзе ў апрацоўчую прамысловасць. А гэта азначае павышэнне канкурэнцыі на гэтых рынках. Такі аспект неабходна ўлічваць, каб не страціць аб’ёмы збыту нашай прадукцыі. Таму прынцыпова пераглядзець падыходы да якасці. Міхаіл Мясніковіч нават не выключае, што неабходна адпаведная Дырэктыва для гэтага.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю