Ва ўтульных сценах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа сёння, 26 сакавіка, праходзіць фестываль дзіцячай кнігі. Назва — «Міхасёвы прыгоды». Менавіта такую паэму болей як 90 гадоў назад напісаў і выдаў народны пясняр Беларусі Якуб Колас.
У праграме фестывалю — сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, аўтограф-сесіі, майстар-класы для дзетак, якія гатовы праявіць свае мастацкія, творчыя здольнасці.
Традыцыя правядзення фестывалю «Міхасёвы прыгоды» мае сваю гісторыю. Некалькі гадоў назад ён быў заснаваны Выдавецкім домам «Звязда» і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Музейныя работнікі і пісьменнікі перакананы, што жывыя сустрэчы дораць дзецям сапраўднае кніжнае свята, натхняюць на чытанне кніг, спрыяюць развіццю ў дзетак творчых памкненняў. У розныя гады ў фестывалі прымалі ўдзел дзіцячыя пісьменнікі Іна Фралова, Міхась Пазнякоў, Наталля Андрасюк, Зінаіда Багамолава, Валянціна Драбышэўская, Жанна Міўс, Алена Стэльмах і іншыя паэты і празаікі. На «Міхасёвых прыгодах» было добрай традыцыяй знаёмства з перавыданнямі твораў Якуба Коласа, адрасаваных юнаму чытачу.
Мікола Берлеж