Супрацоўнікі міліцыі падчас маніторынгу ў інтэрнэце выявілі інфармацыю, што ў Мінску нібыта арудуе маньяк, ад рук якога загінулі блізу 20 дзяўчат. Гэтая інфармацыя з’яўляецца фэйкам, паведамляе БелТА.
Акрамя няпэўных тэкставых паведамленняў, якія запалохваюць, у тым ліку з апісаннем знешнасці неіснуючага злачынца, у месенджарах таксама распаўсюджваюцца відэа з трупамі нібыта забітых жанчын. Для ўзмацнення эфекту былі выкарыстаныя сапраўдныя фатаграфіі і відэа загінулых у Мінску людзей, смерці якіх не маюць крымінальнага характару.
У ГУУС падкрэслілі, што крымінагенная абстаноўка ў Мінску застаецца спакойнай і кантраляванай, серыйных забойстваў у сталіцы не было здзейснена.
Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для ўстанаўлення асоб, якія распаўсюджваюць фэйкі. У міліцыі нагадалі, што за распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі прадугледжаная крымінальная адказнасць.