Сталічная міліцыя праводзіць праверку па паведамленнях аб магчымых супрацьпраўных дзеяннях у дачыненні да жывёл з боку 26-гадовага мінчаніна. Пра гэта БелТА паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Падчас маніторынгу інтэрнэту супрацоўнікі міліцыі выявілі серыю паведамленняў пра меркаванага жывадзёра — маладога чалавека, які ў 2022 годзе быў асуджаны за жорсткае абыходжанне з жывёламі. «Праверкай устаноўлена, што ўжо некаторы час мужчына знаходзіцца за межамі сталіцы. Інфармацыя пра тое, што ён узяў жывёлу ў валанцёра, на гэты момант не знайшла пацверджання», — расказалі ў ГУУС.
Праваахоўнікі заклікаюць грамадзян не тыражаваць чуткі і не паддавацца паніцы. «Калі вам дакладна вядома аб правапарушэннях, учыненых мінчанінам, то неадкладна паведаміце пра гэта ў аператыўна-дзяжурныя службы РУУС або па тэлефоне 102. Распаўсюджанне ў інтэрнэце фэйкаў пераследуецца па законе», — падкрэслілі вартавыя парадку.