Top.Mail.Ru

Міліцыянеры дапамаглі вярнуць жанчыне 140 тысяч рублёў, якія яна аддала махлярам

Па гарачых слядах

На імя міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў МУС Беларусі паступіў зварот ад жыхаркі Брэста Таццяны: жанчына выказала ўдзячнасць супрацоўнікам Бярозаўскага РАУС.

Дзякуючы зладжанай рабоце праваахоўнікаў, удалося вярнуць грошы, якія яе пажылая маці перадала аферыстам. Разам з тым штодня міліцыя фіксуе сотні зваротаў па фактах тэлефоннага махлярства.

Як расказала аўтар ліста, яе састарэлая маці, якая жыве ў Бярозе, паддаўшыся на ўгаворы зламыснікаў, перадала незнаёмаму чалавеку ўсе сямейныя зберажэнні. Агульная сума ў пераліку на беларускія рублі перавысіла 140 тысяч рублёў. Зразумеўшы ўрэшце, што яе падманулі, устрывожаная пенсіянерка звярнулася ў мясцовыя органы ўнутраных спраў.

«Праз хвіліны супрацоўнікі прыбылі да мамы. Праз пару гадзін чалавек, якому яна аддала грошы, быў затрыманы ў Дзяржынскім раёне, і ўсе зберажэнні былі вернуты ў поўным аб’ёме», — напісала ўдзячная грамадзянка.

Але, на жаль, выпадкі падобнага махлярства, асабліва тэлефоннага, у нашай краіне неадзінкавыя. Штодзень праваахоўнікамі фіксуюцца сотні зваротаў аб званках зламыснікаў. Напрыклад, толькі 30 ліпеня ў міліцыю паступіла каля 400 паведамленняў. Як расказалі ў МУС Беларусі, дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пільнасці грамадзян пераважная большасць злачынстваў была папярэджана. Зарэгістравана 33 злачынствы, учыненыя з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Аддзелам арганізацыі апрацоўкі ашуканскіх аперацый МУС ініцыявана блакіроўка 8 фішынгавых інтэрнэт-рэсурсаў, заблакіравана магчымасць плацяжоў у адрас 33 замежных плацежных рэквізітаў, якія выкарыстоўваюцца зламыснікамі, а таксама прыпынены расходныя аперацыі па 82 рахунках.

У «топе» ашуканскіх схем — вішынг-атакі (званкі ад імя кіраўніцтва арганізацый і іншых асоб) і падман пры куплі тавараў у інтэрнэце. За імі ідуць гандаль на фінансавых біржах, арэнда жылля і фішынг.

Работа па выяўленні і прадухіленні падобных афер вядзецца ў кругласутачным рэжыме. Галоўнае правіла бяспекі пры зносінах з тэлефоннымі ашуканцамі — неадкладна завяршыць падазроны дыялог і паведаміць аб тым, што здарылася, у міліцыю. Неабходна таксама памятаць, што любыя абяцанні хуткага і лёгкага заробку або пакупкі тавараў па падазрона нізкіх цэнах у інтэрнэце амаль заўсёды вядуць да фінансавых страт.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю