У суботу, 27 чэрвеня, на сталічным стадыёне «Дынама» адбудзецца фінал спартыўна-дабрачыннага праекта «Алімпійскі дзень у адным рытме з А1», паведамляе БелТА.
У бягучым годзе «Алімпійскі дзень» праходзіць у новым фармаце пры падтрымцы генеральнага партнёра кампаніі А1. Праект стартаваў 15 чэрвеня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце з масавай трэніроўкі, удзел у якой прынялі вядомыя беларускія спартсмены.
Далучыцца да самай маштабнай спартыўна-дабрачыннай ініцыятывы лета могуць усе ахвочыя — для гэтага трэба зафіксаваць вынік любой трэніроўкі (прабежка, велапрагулка) і загрузіць яго ў дадатак «Рытм дабра». Кожная хвіліна актыўнасці ператворыцца ў «хвіліну дабра». Мэта — сабраць мільён такіх хвілін — ужо дасягнута. Спонсарская дапамога будзе накіравана дабрачыннаму фонду «Дакрананне да жыцця».
Фінал «Алімпійскага дня» пройдзе 27 чэрвеня на стадыёне «Дынама» щ Мінску. Кожны ўдзельнік, які дайшоў да адзнакі ў 35 «хвілін дабра», атрымае падарунак і доступ да канцэртнай часткі мерапрыемства. Топ-200 удзельнікаў з рэйтынгу дадатку будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі ад арганізатараў, а лепшыя 15 чалавек з рэйтынгу атрымаюць спецыяльны прыз ад А1.
Міжнародны алімпійскі дзень адзначаецца 23 чэрвеня амаль 80 гадоў. Са святам суайчыннікаў павіншаваў Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка: «Галоўная мэта гэтага дня — нагадаць, што спорт, фізічная культура і здаровы лад жыцця маюць важнае значэнне для кожнага з нас: ад прафесіяналаў, якія прысвяцілі жыццё спорту, да балельшчыкаў і аматараў, будні якіх напаўняюцца энергіяй і становяцца больш яркімі і актыўнымі. Сёння мы абапіраемся на найбагацейшыя традыцыі беларускай трэнерскай школы і выхоўваем новае пакаленне пераможцаў, гатовых прыняць эстафету і прымножыць славу айчыннага спорту».У суботу ўсіх гасцей свята чакаюць актыўнасці (для аматараў спорту ўсіх узростаў і ўзроўняў падрыхтоўкі), партнёры мерапрыемства правядуць конкурсы з розыгрышам падарункаў, таксама будуць працаваць зоны адпачынку, фуд-корт і зоны для дзяцей. Увечары на сцэне выступяць расійскі гурт Dabro і беларускі DJ-дуэт Police in Paris.
Таксама кіраўнік НАК адзначыў, што сёння Беларусь не проста вяртаецца на сусветную арэну, а працягвае заяўляць пра сябе як моцная і самадастатковая спартыўная дзяржава, чыё меркаванне нельга ігнараваць і чые дасягненні заслугоўваюць павагі.
«Апошнія гады кожны медаль і кожны ўстаноўлены рэкорд маюць асаблівую каштоўнасць, таму што здабыты ў няпростых умовах беспрэцэдэнтнага націску, з якім мы паспяхова спраўляемся, — падкрэсліў Віктар Лукашэнка. Мы — члены адзінай алімпійскай сям’і. Застаючыся вернымі сабе, ідэалам і прынцыпам, мы рухаемся ў авангардзе сусветнага алімпійскага руху».