Беларусь апавясціла Польшчу і Літву аб набліжэнні сёння ноччу беспілотнікаў да іх тэрыторыі, заявіў начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Павел Муравейка, паведамляе БелТА.
«У ходзе начнога ўзаемнага абмену ўдарамі беспілотнымі лятальнымі апаратамі паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай дзяжурнымі сіламі і сродкамі па супрацьпаветранай абароне Рэспублікі Беларусь пастаянна адсочваліся беспілотныя лятальныя апараты, якія страцілі курс у выніку ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы бакоў», — сказаў ён.
Павел Муравейка таксама падкрэсліў, што частка беспілотнікаў, якія заблукалі, была знішчаная сіламі супрацьпаветранай абароны нашай краіны над тэрыторыяй Рэспублікі.
Начальнік Генеральнага штаба адзначыў, што па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 гадзін 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі, тым самым апавясціўшы іх аб набліжэнні невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін. «Гэта дазволіла польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, падняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы», — дадаў ён.
Польскі бок таксама інфармаваў Беларускія дзяжурныя баявыя разлікі аб набліжэнні да мяжы Рэспублікі Беларусь неапазнаных лятальных апаратаў з тэрыторыі Украіны. «Абмен інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы з’яўляецца важным складнікам забеспячэння бяспекі ў рэгіёне ў цэлым і спрыяе наладжванню мер даверу і ўмацавання бяспекі. Рэспубліка Беларусь і надалей працягне рэалізацыю сваіх абавязацельстваў у рамках абмену інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы з Рэспублікай Польшча і краінамі Балтыі», — падкрэсліў Павел Муравейка.