У Беларусі з 11 лютага 2026 года ўступае ў сілу указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2026 года № 5, які ўводзіць новую адміністрацыйную працэдуру — выдача даведкі аб адносінах да воінскага абавязку. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны.
Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Павел Куліненка, мэта новай адміністрацыйнай працэдуры заключаецца ў забеспячэнні выканання грамадзянамі воінскага абавязку. «Пры яе ажыццяўленні будзе дасягацца паўната і дакладнасць даных іх воінскага ўліку», — дадаў ён.
Павел Куліненка таксама адзначыў, што ваенныя камісарыяты і іх адасобленыя падраздзяленні з 11 лютага 2026 года будуць выдаваць даведкі аб адносінах да воінскага абавязку грамадзянам мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. «Даведка будзе выдавацца бясплатна на працягу аднаго працоўнага дня. Названай катэгорыі грамадзян дадзеная даведка будзе неабходная пры атрыманні або замене пашпарта, пасведчання кіроўцы і дазволу на набыццё грамадзянскай зброі», — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення.
Ён таксама падкрэсліў, што такая даведка будзе выдадзена ўсім грамадзянам, якія асабіста прыбудуць у ваенныя камісарыяты і іх адасобленыя падраздзяленні па месцы жыхарства, незалежна ад таго, з’яўляюцца яны суб’ектамі воінскага абавязку ці не.