Top.Mail.Ru

Мінабароны пачало праверку абставінаў ДТЗ, у якім загінулі двое ваеннаслужачых

Міністэрствам абароны распачата праверка абставін дарожна-транспартнага здарэння, у якім загінулі двое ваеннаслужачых. Аб гэтым паведамляе БелТА.


У ДТЗ загінулі малодшы сяржант кантрактнай службы і радавы тэрміновай службы. Пацярпелым у здарэнні зараз аказваецца неабходная медыцынская дапамога.

Абставіны высвятляюцца камісіяй Міністэрства абароны сумесна са Следчым камітэтам і Міністэрствам унутраных спраў.

Ваеннае ведамства выказвае спачуванні родным і блізкім загінулых ваеннаслужачых. Службовыя асобы знаходзяцца на сувязі са сваякамі. Сем’ям загінулых будзе аказана ўсебаковая дапамога. Ход праверкі знаходзіцца на асабістым кантролі міністра абароны.

У Следчым камітэце дадалі, што ДТЗ адбылося раніцай 24 ліпеня на 12-м км аўтадарогі Асіповічы — Баранавічы. Кіроўца грузапасажырскага ваеннага аўтамабіля MAZ, паводле папярэдняй інфармацыі, падчас руху па галоўнай дарозе пры павароце страціў кіраванне транспартным сродкам. Па інерцыі адбылося перакульванне аўтамабіля ў кювет.

Загінулі два чалавекі, яшчэ 14 пацярпелых шпіталізаваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці.

Па факце ДТЗ Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 3 арт. 464 (парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі транспартнай машыны, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб) КК. Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група абласнога ўпраўлення і следчыя галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Праводзіцца комплексны агляд аб’ектаў і тэрыторыі з удзелам спецыялістаў ДКСЭ і інспектараў ДАІ. Дэталёва фіксуецца следавая карціна аварыі. Каардынацыю дзеянняў на месцы ажыццяўляе намеснік начальніка УСК па Магілёўскай вобласці Віталь Шляханаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю