Top.Mail.Ru
120

Мінадукацыі: правілы паступлення абітурыентаў-мэтавікоў у ВНУ і каледжы не змяніліся

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў пракаменціраваў журналістам зацверджаны ведамаснай пастановай пералік спецыяльнасцяў, па якіх ажыццяўляецца мэтавая падрыхтоўка, перадае БелТА.



Прадстаўнік Мінадукацыі адзначыў, што мэтавая падрыхтоўка ў першую чаргу накіравана на забеспячэнне кадравай патрэбы арганізацый-заказчыкаў кадраў. «Пералік, які зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі, вызначае тыя спецыяльнасці, на якія з году ў год найбольш масава паступаюць абітурыенты-мэтавікі. Гэта інжынерныя спецыяльнасці, спецыяльнасці педагагічнага, медыцынскага профілю, спецыяльнасці аграпрамысловага комплексу. У пералік увайшла большасць спецыяльнасцяў агульнадзяржаўнага класіфікатара «Спецыяльнасці і кваліфікацыі», гэта значыць практычна па ўсіх профілях ёсць спецыяльнасці даступныя для паступлення мэтавікоў», — сказаў Сяргей Пішчоў. 

Паводле яго слоў, для абітурыентаў і арганізацый-заказчыкаў кадраў нічога не змянілася. «Мэтавы прыём будзе праводзіцца гэтак жа, як і летась, у асобныя тэрміны — перад асноўнай уступнай кампаніяй. У цяперашні час ужо ідзе падбор будучых работадаўцаў для заключэння мэтавых дагавораў. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць непасрэдна ў навучальных установах, якія актыўна інфармуюць абітурыентаў, праводзячы дні адкрытых дзвярэй, круглыя сталы, размяшчаючы інфармацыю на сваіх сайтах. Такім чынам, для абітурыентаў умовы засталіся нязменнымі — усе правілы, якія дзейнічалі летась, захоўваюцца і ў гэтым. Проста быў сістэматызаваны пералік спецыяльнасцяў, найбольш запатрабаваных як эканомікай і сацыяльнай сферай нашай краіны, так і абітурыентамі», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Мэтавікі, як і ў мінулыя гады, у гэту прыёмную кампанію будуць здаваць уступныя іспыты ў выбраным універсітэце. Пералік профільных прадметаў зацверджаны пастановай Мінадукацыі. Пытанні іспытаў размешчаны на сайтах адукацыйнага ведамства і ВНУ.

«У мінулым годзе пры плане прыёму каля 6,6 тыс. чалавек на мэтавыя месцы было пададзена больш за 8 тыс. дакументаў ад абітурыентаў. Мэтавыя месцы сапраўды запатрабаваныя. Адзначу, што пры прыёме на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі абавязкова павінен быць забяспечаны конкурс кожным заказчыкам кадраў, які заявіў і зацвердзіў сваё мэтавае месца. Гэта значыць, прадпрыемствы павінны праводзіць прафарыентацыйную работу для таго, каб конкурс быў забяспечаны. Таму што мэтавая падрыхтоўка — гэта асаблівая траекторыя паступлення, гэта адказны крок як для абітурыента, так і для арганізацыі-заказчыка кадраў. І яго трэба зрабіць такім чынам, каб сапраўды найбольш матываваны і падрыхтаваны абітурыент у далейшым стаў спецыялістам канкрэтнай арганізацыі», — дадаў Сяргей Пішчоў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю