Да пачатку новага навучальнага года засталіся лічаныя дні. «Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі гатова да якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу, да прыёму вучняў 1 верасня. Будуць функцыянаваць больш за 2,6 тыс. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Калі быць больш дакладнымі, то гэта 2629 устаноў Міністэрства адукацыі, 17 устаноў іншых ведамстваў — Сувораўскае вучылішча, спецыялізаваныя ліцэі МУС, спецыялізаваны ліцэй МНС, вучылішча алімпійскага рэзерву, гімназіі-каледжы мастацтваў, якія ўваходзяць у падпарадкаванне Міністэрства культуры. Таксама ў ліку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі шэсць прыватных школ», — расказала Ірына Каржова.
Плануецца, што займацца пачнуць амаль 1 млн 50 тыс. вучняў. У тым ліку за парты сядзе каля 90 тыс. першакласнікаў.
У 2025 годзе запланаваны ўвод сямі школ на 5238 месцаў. Геаграфія школ-новабудоўляў шырокая. У Брэсцкай вобласці адкрыецца пачатковая школа нумар 1 у Пінску і сярэдняя школа нумар 1 у горадзе Лунінцы. У Гродзенскай вобласці пачне работу сярэдняя школа ў Астраўцы. Мінская вобласць адкрывае тры школы-новабудоўлі: у Фаніпалі, Слуцку і вёсцы Лескаўка Бараўлянскага сельскага савета. Таксама вялікая школа-новабудоўля прыме дзяцей у сталіцы ў мікрараёне Мінск-Мір.
«Зацвярджэнне пашпартоў гатоўнасці школ да новага навучальнага года завяршылася да 20 жніўня. Пашпарты гатоўнасці пацвярджаюць адпаведнасць установы адукацыі патрабаванням, устаноўленым заканадаўствам. Пры гэтым ідзе размова аб комплекснай гатоўнасці ўстановы — улічваецца як стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, будынкаў, збудаванняў, так і ўкамплектаванасць мэбляй, педагагічнымі кадрамі, наяўнасць навучальных дапаможнікаў, вучэбна-плануючай, праграмна-плануючай дакументацыі. На гэты момант пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе ўстановы адукацыі краіны», — праінфармавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.
Работу ў школах пачалі больш за 3 тыс. маладых спецыялістаў.
З пачатку навучальнага года бясплатная перавозка будзе арганізавана для больш як 55 тыс. вучняў. «Прадаўжаецца абнаўленне парка школьных аўтобусаў. У бягучым годзе запланавана цэнтралізаваная закупка 237 аўтобусаў, у тым ліку 14 з пад’ёмнымі ўстройствамі для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На гэты момант у школы пастаўлена 168 школьных аўтобусаў. Астатнія 69 аўтобусаў будуць набыты і пастаўлены да канца 2025 года», — дадала Ірына Каржова.
Ва ўсіх установах адукацыі 1 верасня пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў. Тэма першага ўрока — «Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню».