У школах Беларусі 1 верасня пройдзе адзіны ўрок «Веды сёння — сіла і росквіт Беларусі заўтра!». Пра гэта журналістам паведаміла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі - намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, перадае БелТА.
«1 верасня ва ўсіх установах адукацыі пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня ведаў, і адзіны ўрок «Веды сёння — сіла і росквіт Беларусі заўтра!» — сказала Ірына Каржова.
Размова пойдзе аб павазе да дасягненняў нашага народа і важнасці захавання спадчыны для будучых пакаленняў. Першы ўрок дапаможа выхаваць пачуццё гонару і адказнасці за сваю краіну.
Метадычныя матэрыялы, прэзентацыі і сцэнарыі з бібліятэкі адзіных урокаў будуць размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале. Пры распрацоўцы сцэнарыя рэкамендуецца ўлічваць ўзроставыя асаблівасці вучняў, узровень падрыхтоўкі класа, мясцовы краязнаўчы матэрыял і традыцыі ўстановы адукацыі.