Top.Mail.Ru
185

Мінадукацыі заканадаўча замацавала патрабаванні да дзелавога стылю адзення

Міністэрства адукацыі заканадаўча замацавала патрабаванні да дзелавога стылю адзення навучэнцаў школ Беларусі. Гэта прадугледжана ведамаснай пастановай ад 15 красавіка 2025 года № 72, паведамляе БелТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнет-партал.


Кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна адзначыла, што ў гэтай сферы нічога не мяняецца, падыходы да школьнага адзення застаюцца ранейшымі. «Адзіная змена — зараз адзенне дзелавога стылю для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі замацавана на заканадаўчым узроўні. У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, якая ўступіць у сілу з 1 верасня, прапісана, што пры наведванні навучальных заняткаў школьнікі абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі, — размова ідзе аб фізкультуры і працоўным навучанні», — расказала яна.

Па словах прадстаўніка Мінадукацыі, як і раней, для хлопчыкаў і юнакоў у камплект адзення могуць уваходзіць пінжак, камізэлька, штаны, кашуля з кароткім і доўгім рукавом, вадалазка, гальштук, для дзяўчынак — пінжак, камізэлька, спадніца, штаны, блузка з кароткім і доўгім рукавом, вадалазка, сарафан, сукенка. «У зімовы перыяд у школьны гардэроб дазваляецца ўключаць вязаны швэдар, каб было цёпла. Выбар формы кожная школа ажыццяўляе на савеце ўстановы адукацыі, куды ўваходзяць і навучэнцы, і бацькі, і педагагічныя работнікі. Гэта ўсё ў нас ужо даўно адпрацавана. Гэта значыць навучэнцы прытрымліваюцца дзелавога стылю адзення з адзінымі элементамі, якія вызначаюцца саветам школы, з размяшчэннем на іх эмблемы ўстановы адукацыі. Мадэльны шэраг школьнага адзення з кожным годам пашыраецца вытворцамі, мы прапісалі, што можа ўваходзіць у адзенне дзелавога стылю, а рашэнне прымаецца непасрэдна ў самой установе адукацыі», — праінфармавала Ірына Булаўкіна.

Акрамя таго, пастановай вызначана, што з 1 верасня пры правядзенні навучальных заняткаў па замежнай мове клас дзеліцца на дзве групы пры напаўняльнасці не менш як 20 навучэнцаў. Пры гэтым калі прадугледжана вывучэнне дзвюх замежных моў, то дзяленне на групы ажыццяўляецца зыходзячы з колькасці навучэнцаў, залічаных у групу для вывучэння канкрэтнай замежнай мовы.

Акрамя таго, у вучняў 5-8-х класаў з’явіцца працоўная практыка. Яна будзе праходзіць у канцы навучальнага года пасля завяршэння заняткаў на працягу пяці дзён па тры навучальныя гадзіны ў дзень. У школах, дзе ёсць вучэбна-даследчыя ўчасткі, як і раней, будуць праводзіцца практычныя заняткі, у астатніх — грамадска карысная работа. Частка працоўнай практыкі, згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі, будзе праводзіцца на базе замацаваных сельгаспрадпрыемстваў.

Частка пунктаў пастановы ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання, іншая частка — з 1 верасня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю