Мінбудархітэктуры выпрацоўвае крытэрыі для рэнавацыі жылля на бліжэйшыя пяць гадоў. Аб гэтым расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі — начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская.
Канцэпцыя дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі да 2030 года зацверджана ўрадам 13 сакавіка. «Калі гаварыць аб падыходах, то на гэту пяцігодку ў нас як такой жыллёвай канцэпцыі не было. Была праграма будаўніцтва жылля, а цяпер ужо ідзе апошні год пяцігодкі», — адзначыла Іна Пінкоўская.
Канцэпцыя, па сутнасці, адлюстроўвае асноўныя напрамкі ў жыллёвай палітыцы дзяржавы, якія потым падрабязна ўжо распісваюцца ў адпаведных праграмах. Што датычыцца асноўных напрамкаў жыллёвай канцэпцыі да 2030 года, гэта ў першую чаргу ўхіл на рэнавацыю існуючага жыллёвага фонду. «Ні для каго не сакрэт, што з часам існуючы жыллёвы фонд маральна і фізічна старэе і яго трэба, зразумела, абнаўляць. Размова ідзе аб тым, што на ўжо існуючай інжынернай інфраструктуры будуюцца новыя жылыя дамы. Напрыклад, пачата ўжо работа, у тым ліку профільнымі інстытутамі Мінбудархітэктуры, па распрацоўцы канцэпцыі рэнавацыі жылфонду ў наступныя пяць гадоў. Гэта адзін з напрамкаў такіх глабальных», — звярнула ўвагу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі.
Па расійскім прыкладзе пад рэнавацыяй жылых дамоў маецца на ўвазе не проста капітальны рамонт, а знос і будаўніцтва новага будынка. «Нашы інстытуты працуюць наконт таго, каб вызначыць асноўныя напрамкі. Абмяркоўваюцца крытэрыі, якія трэба выпрацаваць для зносу таго ці іншага дома, а таксама крыніцы фінансавання. Трэба вызначыцца з тым, як будуць рэалізоўвацца маёмасныя правы грамадзян, якія пражываюць у гэтым фондзе», — растлумачыла Іна Пінкоўская.
Калі гаварыць аб самой Канцэпцыі жыллёвай палітыкі, то адно з адпаведных прадпісанняў пастановы абавязвае Мінбудархітэктуры сумесна з зацікаўленымі ў двухмесячны тэрмін зацвердзіць дэталёвы план мерапрыемстваў. Таму на працягу двух месяцаў план будзе складзены, падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення. У ім будзе дакладна прапісана, якія нарматыўныя дакументы павінны быць прыняты ў рамках рэалізацыі канцэпцыі.