Чаму варта не давяраць незвычайным просьбам, якія паступаюць у мэсенджарах нібыта ад кіраўніцтва, і як правільна на іх рэагаваць.
«Пацярпеламу ў мэсенджар прыходзіць паведамленне ад нібыта кіраўніка арганізацыі, дзе ён працуе, — тлумачыць, як працуе схема „Фэйк бос“, начальнік аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Фрунзенскага РУУС Мінска Ірына ВАНЮК. — Далей два варыянты развіцця падзей: ашуканцы альбо ствараюць фальшывы ўліковы запіс, выкарыстоўваючы імя, асабістыя даныя і фатаграфію кіраўніка, знойдзеную ў сетцы, альбо ўзломваюць яго сапраўдны акаўнт і рассылаюць паведамленні калегам ад яго імя. У любым выпадку, супрацоўнік атрымлівае просьбу аказаць садзейнічанне праваахоўным органам, пры гэтым акцэнтуецца ўвага на канфідэнцыйнасці аперацыі».
Пасля гэтага з ахвярай звязваецца чалавек, які прадстаўляецца супрацоўнікам міліцыі. Ён заяўляе, што ашуканцы выкарыстоўваюць асабістыя даныя суразмоўцы для незаконных фінансавых аперацый. Каб вярнуць грошы, пацярпеламу прапануюць аформіць новы крэдыт нібыта для анулявання пазыкі, узятай аферыстамі. Яшчэ адзін варыянт — завесці новую банкаўскую карту і перавесці туды ўсе свае зберажэнні.
Давяраючы ашуканцам, людзі выконваюць іх указанні: бяруць крэдыты, пераводзяць грошы на чужыя рахункі. Ужо потым усведамляюць, што іх падманулі, і звяртаюцца ў міліцыю.
«Нядаўна ў Фрунзенскае РУУС звярнуўся 36-гадовы мінчанін, яму напісаў нібыта дырэктар кампаніі, у якой той працуе, і паведаміў аб уцечцы асабістых даных супрацоўнікаў, — прывяла прыклад Ірына Ванюк. — Кіраўнік папрасіў падначаленага аказаць дапамогу кампетэнтным органам у канфідэнцыйным парадку. Далей мінчаніну патэлефанаваў ілжэправаахоўнік і паведаміў, што ашуканцы, выкарыстоўваючы яго асабістыя даныя, праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі і ўжо аформілі крэдыты ў банках. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці і дапамагчы выкрыць нядобрасумленнага работніка кампаніі, які прадаставіў староннім асабістыя даныя супрацоўнікаў, той, хто тэлефанаваў пераканаў мінчаніна аформіць рэальныя пазыкі».
У выніку пацярпелы ўзяў два крэдыты на агульную суму каля 19 тысяч рублёў, а таксама сабраў усе назапашаныя сродкі і перавёў на даны рахунак. Пасля гэтых дзеянняў з ім перасталі выходзіць на сувязь.
Каб не трапіць на хітрыкі аферыстаў, што працуюць па схеме «Фейк бос», праваахоўнікі рэкамендуюць у выпадку, калі прыходзіць паведамленне ад начальніка, калегі ці знаёмага з незвычайнай просьбай, спачатку звязацца з гэтым чалавекам па тэлефоне ці асабіста. Калі вам заяўляюць аб датычнасці да злачынства і патрабуюць перавесці грошы, не паддавайцеся на правакацыю і адразу паведаміце ў міліцыю.
Вераніка КАНЮТА.