Канстанцін і Анастасія Лапко імкнуцца стаць першай сямейнай парай з Беларусі, якая выканае прэстыжную праграму ў сусветным альпінізме — «7 вулканаў», узыдзе на 7 найвышэйшых вулканаў на сямі кантынентах нашай планеты.
За 9 гадоў сужэнцы ўжо падняліся на Эльбрус (5642 м, Еўропа), Кіліманджара (5895 м, Афрыка), Дэмавенд (5609 м, Азія), Арысабу (5636 м, Паўночная Амерыка), Гілувэ (4868 м, Аўстралія і Акіянія), Охас-дэль-Салада (6893 м, Паўднёвая Амерыка). Застаўся яшчэ вулкан Сідлі ў Антарктыдзе. Жаданне ўпісаць Беларусь у гісторыю сусветнага альпінізму прадыктавана збольшага і амбіцыямі. Але нават калі Антарктыда і застанецца недасяжнай, члены Беларускай федэрацыі альпінізму Канстанцін і Анастасія Лапко ўсё роўна — у выйгрышы. Яны падарылі сабе тое «свята, якое назаўжды застанецца з імі».
Пра тое, як загадчыца лабараторыі па вытворчасці змазачных матэрыялаў, маці дваіх сыноў, жанчына, якая калісьці «не сябравала са спортам», не пабаялася пайсці насустрач прыгодам, мы і пагаварылі з Анастасіяй Лапко.
Пра тое, як адзін вечар часам мяняе жыццё
— Аднойчы лютаўскім вечарам 10 гадоў таму, пасля цяжкага працоўнага тыдня мы з мужам глядзелі па канале «Мая планета» перадачу пра Эльбрус, — успамінае Анастасія Лапко.
— І раптам Канстанцін кажа: «А чаму б нам не падняцца на Эльбрус? Мне заўсёды хацелася пабываць на Каўказе, дзе мой дзед ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны». Я яго падтрымала: «Абавязкова варта паспрабаваць». Знайшлі агенцтва, якое спецыялізуецца на паходах у горы, паўгода рыхтаваліся. У ліпені 2017-га мы з Косцем узышлі на першую вяршыню.
— І адразу «захварэлі» гарамі?
— Адразу. Гэта ўвогуле дзіўная рэч. Вось ты ідзеш, лічыш літаральна кожны крок, кожны метр, табе вельмі цяжка... Але толькі першыя промні сонца дакранаюцца да цябе на вяршыні, ты азіраешся вакол, глядзіш уніз, і ўсё — ты знік. Спрацоўвае «кропка невяртання». Узнікае свайго роду залежнасць ад усёй гэтай неверагоднай прыгажосці.
— Наколькі фізічна вы былі гатовы да ўзыходжання на Эльбрус? Ці сябравалі са спортам?
— З дзяцінства я і спорт былі дрэнна сумяшчальныя. У школе наведвала нават падрыхтоўчую групу па фізкультуры. Студэнткай хадзіла на аэробіку, не больш за тое. Пры гэтым адпачываць мы з мужам заўсёды любілі актыўна. Галоўнае, насамрэч — захацець. Мы захацелі прайсці праграму «7 вулканаў» і прыступілі да трэніровак.

— І як яны звычайна праходзяць?
— У асноўным трэніруемся ў сваім доме, бягом паднімаючыся па пажарнай лесвіцы на свой 16-ы паверх: муж з заплечнікам, а я ўлегцы. Пры неабходнасці, а таксама ў зімовы перыяд дадаём заняткі ў трэнажорнай зале.
— З моманту вашага першага ўзыходжання вы сталі на 9 гадоў старэйшай. З узростам уздым у горы стаў давацца цяжэй ці з улікам досведу лягчэй?
— Узрост, безумоўна, адчуваецца. Але самае цяжкае выпрабаванне пры ўзыходжанні на вяршыню — кіслароднае галаданне. Калі чалавек рэгулярна ходзіць у горы, ён і ў 60 гадоў можа яго легка перанесці. Арганізм адаптуецца. Для нас жа «сустрэча з вулканамі» здараецца раз у год, а то і ў два. Перыяд акліматызацыі для нас — абавязковая ўмова паспяховага ўздыму на вулкан. Але, з іншага боку, за 9 гадоў досведу дадалося, акліматызацыя праходзіць хутчэй. Напрыклад, на Кіліманджара я проста «ўзляцела». Мясцовы гід увесь час адсочваў наша з Косцем самаадчуванне. І мой пульс, насычэнне крыві кіслародам аказаліся лепшымі, чым у афрыканца. Сёння ў свае 40 гадоў адчуваю сябе больш фізічна моцнай, трэніраванай, чым у 25.
Які цудоўны гэты свет!
— Узыходжанне на які з вулканаў для вас, Анастасія, аказалася самым складаным, а на які далося лягчэй за ўсё?
— Самым складаным стала ўзыходжанне на Эльбрус. Я не зусім уяўляла, з чым у гарах можна сутыкнуцца. На вышыні 5300 м мяне накрыла кіслароднае галаданне. Але сказала сабе: не для гэтага я сюды ехала, каб паварочваць назад. І хаця было вельмі цяжка, пераадолела сябе і дайшла. Не менш цяжка даўся мне і спуск з Эльбруса. Сцежку зусім замяло снегам, перасоўваліся амаль усляпую. Спусцілася выключна на сіле волі і падтрымцы мужа. Лягчэй за ўсё мне далося ўзыходжанне на Гілувэ ў Папуа-Новай Гвінеі. Вулкан невысокі — 4868 м, мы нават не адчулі горнай хваробы. Уздым на Гілувэ прынцыпова адрозніваўся ад усіх іншых. Разам з правадніком мы ішлі праз джунглі, дзе досыць прыгожых архідэй. Выйшлі на забалочаную даліну ручая. Там кожны дзень ідуць дажджы. Першы і адзіны раз паднімаліся на гару ў гумовых ботах.
— Чытала, што вы сталі першымі беларусамі, якія наведалі Папуа-Новую Гвінею. Туды так складана трапіць?
— Цяпер ужо прасцей. Але 4 гады таму гэта аказалася задачкай з зорачкай. На Філіпіны выляталі, рызыкуючы так і не трапіць у Папуа-Новую Гвінею. Сабралі велізарны пакет дакументаў, тры месяцы рыхтаваліся, але не змаглі атрымаць візу ў гэтую далёкую краіну: усе нашы спробы дастукацца да Упраўлення іміграцыі і грамадзянства Папуа-Новай Гвінеі ці да пасольстваў гэтай краіны засталіся беспаспяховымі. Але ў Маніле (сталіцы Філіпін) нам пашанцавала: у пасольстве Папуа-Новай Гвінеі без затрымак выдалі візу.
— Якой вы ўбачылі гэтую краіну? Што вас уразіла?
— У Папуа-Новай Гвінеі ўзнікае адчуванне, быццам на машыне часу перамясціўся ў далёкае мінулае чалавецтва. Там і сёння плямёны варагуюць паміж сабой за жанчын, зямлю, свіней. Хоць людаедства афіцыйна адмянілі ў сярэдзіне XX стагоддзя, але выпадкі канібалізму здараюцца і цяпер. Маюць месца і выкраданні замежнікаў. На ўсю краіну — дзве магістралі, астатняя тэрыторыя — гэта непраходныя джунглі. Асноўны транспарт для ўнутраных перамяшчэнняў — самалёт. Вядома, ёсць у Папуа-Новай Гвінеі і заможныя грамадзяне, якія жывуць у дамах са спадарожнікавымі антэнамі, карыстаюцца мабільнымі, ездзяць на джыпах, але іх — меншасць.
— Ці былі ў вас сустрэчы з мясцовым насельніцтвам у джунглях?
— Кампанія, якая нам давала праваднікоў, арганізавала культурную праграму, і мы змаглі пазнаёміцца з рознымі плямёнамі. У кожнага з іх — свой унікальны знешні выгляд, абрады, традыцыі. Для нас члены плямёнаў апраналі парадныя гарнітуры, паказвалі розныя вобразы. Жывуць яны ў асноўным у зямлянках з гліны і саломы, пасярод паселішча — вогнішча, дзе яны абаграваюцца. У плямёнах пануе патрыярхат. Ёсць ведзьмакі. Кіраўнік племені часта — шаман. Мы наведалі жыллё аднаго шамана, упрыгожанае чалавечымі косткамі. Мясцовыя жыхары вырошчваюць батат, якім у асноўным і харчуюцца. Свініна вельмі дарагая (свіння можа каштаваць больш за 1 тысячу долараў): яе ядуць выключна па святах. Нас з Косцем у адным з плямёнаў пачаставалі такім мясам: яно было смачным, але не смачнейшым, чым гатую я.

— І вам заўсёды ўдаецца, акрамя ўзыходжанняў на вяршыні, нешта паглядзець на новым кантыненце звыш праграмы?
— Так, заўсёды імкнёмся спланаваць свае ўзыходжанні так, каб застаўся час убачыць яшчэ нешта цікавае. Апынуўшыся ў Чылі, зляталі на востраў Пасхі. Гэта сапраўдны цуд свету, інакш і не скажаш. Трапілі на галоўны двухтыднёвы культурны фестываль — Тапаці Рапа Нуі, які адзначаецца там штогод у лютым. Чакаючы вылету ў Папуа-Новую Гвінею, правялі тыдзень на Філіпінах. Паплавалі там з кітовымі акуламі, з’ездзілі ў Нацыянальны парк, дзе паглядзелі на тарсіераў, унікальных малюсенькіх прыматаў з вялікімі вытарашчанымі вачыма, якія знаходзяцца на мяжы вымірання. Перад узыходжаннем на Арысабу ў Мексіцы, наведалі старажытнае селішча дакалумбавай Амерыкі — Цеаціўакан, фізічна адчулі незвычайную атмасферу велічы зніклай цывілізацыі. А яшчэ зляталі на паўвостраў Юкатан паглядзець на піраміды майя ў Чычэн-іцэ і сеноты — своеасаблівыя студні, якія ўтварыліся ў выніку абвалу зводу пячор. На дне такіх студняў заўсёды ёсць вада — прэсная і досыць цёплая. Нідзе ў свеце такія аб’екты больш не сустракаюцца. У любой краіне заўсёды імкнёмся наведаць нацыянальныя музеі: гістарычныя, археалагічныя ці мастацкія.
— Якая з шасці вяршыняў, на якія вы паднімаліся, пакінула пасля сябе самыя яркія, незабыўныя ўражанні?
— Кожная гара ўнікальная і застаецца з табою на ўсё жыццё. Я магу забыцца, што ела ўчора на сняданак, але варта падумаць аб нейкім вулкане, і перад вачамі імгненна ўзнікае «відэа» з масай дэталяў. Адно з наймацнейшых уражанняў пакінула пасля сябе ўзыходжанне ў лютым 2025 года на найвялікшы вулкан планеты Охас-дэль-Салада, які знаходзіцца ў пустыні Атакама на мяжы Аргенціны і Чылі. Ніколі не думала, што пустыня можа быць такой цудоўнай. Такога зорнага неба, як у Атакаме, не бачыла больш нідзе і нават не магла ўявіць, што падобнае бывае. Мільёны зорак над галавой! І ў гэтай пустыні ёсць жыццё — там водзяцца вікунi, гуанака (падобныя на лам), лісы, грызуны, яшчаркі. Перад узыходжаннем мы жылі ў лагеры побач з возерам Лагуна Санта-Роса — там водзіцца тры віды фламінга. А возера Лагуна-Вердэ мяняе колер у залежнасці ад асвятлення — раніцай яно зялёнае, пасля абеду — блакітнае. Гэта відовішча зачароўвае. Глядзіш і не можаш адарвацца ад такой прыгажосці! Снег у Атакаме вялікая рэдкасць. Але нам пашанцавала — пры нас ён выпаў.
.jpeg)
— Зразумела, што праграма «7 вулканаў» патрабуе добрай фізічнай падрыхтоўкі, рашучасці, адвагі. Але, мусіць, і фінансава гэта вельмі дарагое задавальненне?
— Пасля Эльбруса я падумала: ну, добра, можа, назбіраем грошы на Кіліманджара і на Дэмавенд. Дапускала, што злятаем у Мексіку. Але да Папуа-Новай Гвінеі, да Чылі — не магла ўявіць, што дабяромся. Аднак навучыліся з мужам «лавіць» танныя білеты, самастойна шукалі даступных па кошце мясцовых праваднікоў, і нашы падарожжы аказаліся пад’ёмнымі для сямейнага бюджэту. Але вось вулкан у Антарктыдзе — Сідлі пакуль выглядае для нас рэальна дарагім. Спрабуем зараз знайсці спонсара, каб завяршыць праграму. Вядома, нам хацелася б узяць і гэтую, сёмую вышыню. І не толькі, каб пацешыць уласныя амбіцыі, але і для таго, каб Беларусь упісалі ў гісторыю сусветнага альпінізму.
Горы нас яшчэ больш згуртавалі
— Вас напэўна часам пытаюць: «Навошта вам усё гэта трэба?» Як вы звычайна адказваеце?
— Так, раней мы часта чулі падобныя пытанні. Што на гэта можна адказаць? Кожны вольны распараджацца жыццём па-свойму. Хтосьці праводзіць вечары, гледзячы серыялы. А мы імкнёмся ўбачыць свет, атрымаць новыя ўражанні, пазнаёміцца з іншымі культурамі. Нашы вандраванні на розныя кантыненты прыкметна памянялі светапогляд у мяне і мужа. Мы зразумелі: нам цікавы чалавек любой культуры. Людзі ўсе розныя, але пры жаданні заўсёды могуць зразумець адно аднаго. Напрыклад, на востраве Пасхі мы з Косцем здымалі маленькі домік. Наша гаспадыня не размаўляла па-англійску, але гэта не стала перашкодай для нашых зносін.

— Ці адбіліся ўзыходжанні на вулканы на вашых з мужам адносінах?
— Яны нас яшчэ больш згуртавалі. У гарах няма на каго больш разлічваць, акрамя як адно на аднаго. Туды нельга ісці з ненадзейным партнёрам. Напрыклад, пры ўзыходжанні на Кіліманджара, у Косці здарыўся прыступ горнай хваробы. Але мы яго хутка пераадолелі: я ведала, як дапамагчы. Калі з родным чалавекам праходзіш праз цяжкасці — холад, буран, кіслароднае галаданне, падзяляеш з ім радасць дасягнення мэты, захапленне ад сузірання прыгажосці, гэта неверагодна збліжае, умацоўвае сям’ю. Агульная «скарбонка» пазітыўных эмоцый дазваляе пераадольваць штодзённасць, паднімацца над побытам, руцінай і захоўваць рамантычныя адносіны.
— У вас двое сыноў: Сцяпану 16 гадоў, Сямёну — 10. Як яны ставяцца да вашых «адлучак» на вулканы?

— З разуменнем. Калі мы адсутнічаем, за імі прыглядаюць бабулі і дзядулі. Чакаюць яны нас заўсёды з нецярпеннем і з цікавасцю распытваюць. У 2019 годзе мы і сыноў далучылі да «вулканічных прыгод». Самастойна, без зваротаў да тураператараў, спланавалі сямейны адпачынак на востраў Ява. Там узышлі на 5 дзейных вулканаў. Толькі на адзін з іх, вулкан Іджэн, падымаліся без дзяцей, пакінуўшы іх у гатэлі з нянькай. У яго кратары размешчана самае буйное кіслотнае возера ў свеце, напоўненае сернай і салянай кіслатой. Вулкан увесь час вывяргае пары серы. Без спецыяльных рэспіратараў можна атрымаць апёк ад выкідаў. На чатыры бяспечныя вулканы мы ўзышлі разам з хлопчыкамі. Сямёна Канстанцін нёс у заплечніку, Сцёпа ішоў сам. Вядома, Сцёпа стамляўся. Але потым з гонарам расказваў у гімназіі, як на вулкане Тангкубан варыў у гейзеры яйкі, як узыходзіў на самы актыўны ва ўсёй Інданезіі вулкан Мерапі, які іншапланетны від адкрываецца на ўсходзе, калі ў промнях сонца з аблокаў пачынаюць праступаць вяршыні Брома і Семеру. Мы з мужам перакананы: дзецям трэба паказваць, што свет вялікі, цікавы. Хочацца, каб яны раслі дапытлівымі, няўрымслівымі, актыўнымі, адчувалі смак жыцця.
Вольга Паклонская,
фота дадзена Анастасіяй Лапко