Суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў 44-гадовага жыхара сталіцы да дзевяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам у 30 тыс. рублёў за махлярства ў асабліва буйным памеры. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Як устаноўлена ў судзе, мужчына, які кіраваў падкантрольнымі яму таварыствамі, на працягу трох гадоў рэалізоўваў схему завалодання грашыма грамадзян на падставе набыцця каштоўных папер — акцый і аблігацый. Ён прапаноўваў пацярпелым інвеставаць сродкі, заключаў з імі дагаворы, якія прадугледжвалі наступнае пагашэнне або зваротны выкуп каштоўных папер, у тым ліку па цане вышэйшай за першапачатковую. Пры гэтым людзі набывалі паперы па кошце, які больш як у 20 разоў перавышаў намінал.
Калі надыходзілі тэрміны выканання абавязацельстваў, фігурант не мог выкупіць каштоўныя паперы. Каб працягнуць схему, ён пераконваў інвестараў, што верне грошы, пераносіў тэрміны выплат, пераафармляў дагаворы, а частку сродкаў вяртаў за кошт грошай, прыцягнутых ад новых удзельнікаў.
У выніку пацярпелі 18 чалавек. Агульная сума страчаных імі грашовых сродкаў перавысіла 2 млн рублёў. Акрамя таго, пацярпелыя пазбавіліся магчымасці рэалізаваць набытыя актывы з-за іх неабгрунтавана завышанага кошту. Абвінавачаны, раней судзімы за аналагічныя злачынствы, віну не прызнаў і ад дачы паказанняў адмовіўся.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса. Па сукупнасці злачынстваў яму прызначана пакаранне ў выглядзе дзевяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам 30 тыс. рублёў. Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны або апратэставаны ў апеляцыйным парадку.