Top.Mail.Ru
91

Мінчанін атрымаў пятую судзімасць за спробу крадзяжу ў краме

Вынесены прысуд 21-гадоваму раней неаднаразова судзімаму гараджаніну, якога абвінавачвалі ў замаху на здзяйсненне крадзяжу, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».



Абвінавачаны, нягледзячы на свой такі малады ўзрост, ужо чатыры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. У лістападзе 2025 года, трапіўшы пад амністыю, ён вызваліўся з калоніі: неадбытая ім частка пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 месяцы і 16 дзён была заменена абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Аднак фігурант належных высноў не зрабіў і праз тры тыдні здзейсніў новае злачынства. Ён мэтанакіравана прыйшоў у краму на вул. Прытыцкага, каб выкрасці тавары для наступнага перапродажу. Зламыснік узяў на касе карзіну і, гуляючы па гандлёвай зале, склаў у яе дзве бутэлькі піва, восем глазураваных сыркоў, шэсць пачкаў молатай кавы, тры шакаладкі, шэсць упаковак сыру і тры бляшанкі шакаладнай пасты агульным коштам больш за 430 рублёў.

Пасля нячысты на руку мінчанін выйшаў за вузел разліку, не аплаціўшы тавар. Аднак яго дзеянні не засталіся незаўважанымі — за маладым чалавекам пагналіся работнікі аховы. Абвінавачаны кінуў сумку ў краме, але схавацца не змог і быў затрыманы.

У дачыненні да маладога чалавека распачалі чарговую крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў. Дарэчы, у момант здзяйснення злачынства мінчанін знаходзіўся пад уздзеяннем псіхаактыўнага прэпарата.

— Абвінавачаны нідзе афіцыйна працаўладкаваны не быў, знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага, раней чатыры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і хуліганства, — пракаментаваў старшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Міхаіл Язерскі, які выступаў па гэтай крымінальнай справе дзяржаўным абвінаваўцам. — Суд прызнаў яго вінаватым у замаху на таемнае выкраданне маёмасці (крадзеж), здзейсненае паўторна, і на падставе ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 205 КК, улічваючы папярэдні прысуд, прызначыў канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 1 дзень, якія абвінавачаны правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.


Прысуд не ўступіў у сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю