Міністэрства эканомікі аб’явіла аб старце конкурсу на лепшую бізнес-ідэю, бізнес-праект «Падтрымка маладзёжнай ініцыятывы». Аб гэтым паведамілі БелТА ў прэс-службе ведамства.
Мэта конкурсу — папулярызацыя прадпрымальніцкай дзейнасці сярод моладзі, выяўленне і заахвочванне творчых, ініцыятыўных студэнтаў, павышэнне ўзроўню прафесійнай арыентацыі моладзі. Удзельнікамі могуць стаць студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі дзённай формы навучання, якія дасягнулі паўналетняга ўзросту. Удзел бясплатны. Тэматыка бізнес-праектаў і бізнес-ідэй не абмежавана.
Конкурс пройдзе ў тры этапы. Першы этап — з 21 верасня па 16 кастрычніка. Падаць заяўкі ў фармаце PDF і конкурсныя работы (бізнес-праект, бізнес-ідэя ў выглядзе прэзентацыі ў фармаце PowerPoint) трэба на электронную пошту sme@economy.gov.by з паметкай «Падтрымка маладзёжнай ініцыятывы». Адбор — не больш за 14 удзельнікаў. Другі этап — прэзентацыя конкурснай работы — праводзіцца з 2 лістапада па 9 лістапада. Трэці этап — падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў — пройдзе з 10 па 16 лістапада 2026 года.
Пераможцамі конкурсу прызнаюцца па адным удзельніку ад кожнай вобласці і Мінска (пры ўмове наяўнасці пададзеных заявак ад адпаведных рэгіёнаў), якія ўзнагароджваюцца дыпломамі, спецыяльнымі падарункамі ад партнёра конкурсу і сертыфікатам наміналам 1 тыс. рублёў.
Больш падрабязная інфармацыя аб парадку правядзення конкурсу размешчана на сайце Мінэканомікі.