Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 снежня падпісаў указ нумар 428, якім уносяцца змяненні ва ўказ нумар 92 ад 12 сакавіка 2020 года «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». У Мінэканомікі пракаменціравалі навацыі дакумента.
Як растлумачылі ў ведамстве, нормы ўказа Прэзідэнта № 428 накіраваны на фарміраванне ўстойлівай экасістэмы электратранспарту.
Першая важная навацыя дакумента, на якую звярнулі ўвагу ў ведамстве, — падаўжэнне да 31 снежня 2028 года асноўных ільгот і прэферэнцый на электрамабілі: інвестыцыйнага выліку; вызвалення юрыдычных асоб ад увазнога і абаротнага ПДВ, у тым ліку аўтакампанентаў для вытворчасці электрамабіляў; нулявой стаўкі ўвазнога ПДВ пры ўвозе для асабістага выкарыстання фізічнымі асобамі; вызвалення кіроўцаў электрамабіляў і гібрыдаў ад платы за карыстанне паркоўкамі падчас зарадкі.
Важны момант — не падоўжаны льготы і прэферэнцыі па ПДВ на паслядоўныя гібрыды.
Адпаведна, з 1 студзеня 2026 года лізінгавыя плацяжы на гэтыя аўтамабілі вырастуць на суму ПДВ.
Другі блок навацый указа звязаны з карэкціроўкай умоў для развіцця зараднай інфраструктуры.
У прыватнасці, вызначэнне РУП «Белтэлекам» дадатковым дзяржаўным аператарам, якія ажыццяўляюць будаўніцтва і абслугоўванне «павольных зарадных станцый»; прадастаўленне права забудоўшчыку, іншым арганізацыям на перадачу дзяржаўным аператарам на бязвыплатнай аснове зарадных станцый і аб’ектаў электрычных сетак, устаноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю пры будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў. Таксама навацыі датычацца ўдакладнення падстаў для дазволу на ўзроўні абласцей, гарадоў і раёнаў для ўстаноўкі і абслугоўвання зарадных станцый на землях агульнага карыстання; удакладнення выпадкаў, калі ўстаноўка (абслугоўванне) зарадных станцый не патрабуе ўзгаднення з выканкамамі і прадастаўлення зямельных участкаў замест арэнды ў пастаяннае карыстанне дзяржаўнага аператара — РУП «ПА Беларуснафта».

Што ўжо зроблена?
Як акцэнтавалі ўвагу ў эканамічным ведамстве, рэалізацыя ранейшага ўказа № 92 надала магутны імпульс развіццю электратранспарту ў Беларусі.
Ключавым дасягненнем гэтага дакумента тут назвалі інтэнсіўны рост выкарыстання электрамабіляў у нашай краіне.
У прыватнасці, за час дзеяння ўказа колькасць зарэгістраваных «электрычак» павялічылася ў 538 разоў і на 1 снежня 2025-га дасягнула 46,8 тысячы.
Дакумент паўплываў і на імклівае развіццё інфраструктуры.
Так, агульная колькасць зарадных станцый у Беларусі дасягнула 1 940 — гэта найбуйнейшая сетка ў СНД.
Апроч іншага, у ліку дасягненняў — развіццё ўласнай вытворчасці.
Напрыклад, беларускімі прадпрыемствамі наладжаны выпуск зарадных станцый, электробусаў, цягавых электрарухавікоў, асвойваецца лінейка новых электрамабіляў і гібрыдаў.
Таксама ўказ № 92 паўплываў на развіццё сферы паслуг, звязанай з выкарыстаннем электрамабіляў: сетка афіцыйных дылераў у Беларусі налічвае ўжо 10 кампаній.
Не варта забываць пра рост спажывання электраэнергіі. Так, з 2019-га аб’ём водпуску электраэнергіі электразарадным станцыям павялічыўся больш як у 15 разоў.
— Гэта істотны ўклад у экалагічную бяспеку краіны, — падкрэслілі ў Мінэканомікі.
Ёсць усё для маштабавання праекта
— Мы атрымалі права развіваць сетку павольных зарадных станцый магутнасцю да 44 кВт. Цяпер зможам ахапіць яшчэ больш лакацый, асабліва ў жылых раёнах і месцах працяглай стаянкі. Гэта зробіць інфраструктуру больш даступнай і зручнай для нашых грамадзян, стымулюючы далейшы рост колькасці электрамабіляў на дарогах, — пракаменціраваў навацыі генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксей Івашкін.
Ён нагадаў, што з 2022 года «Белтэлекам» паспяхова развівае гэты кірунак. Першая электразарадная станцыя (ЭЗС) Evika! была ўстаноўлена тры гады таму ў Пінску. Сёння сетка аб’ядноўвае ўжо больш за 250 ЭЗС па ўсёй краіне.
— У нас ёсць неабходны вопыт і экспертыза для пашырэння геаграфіі і маштабавання праекта, — падкрэсліў генеральны дырэктар.
Для зручнасці карыстальнікаў працуюць сайт evika.by і вэб-дадатак Evika!

У тэму
Прэм’ер-міністры ЕАЭС дамовіліся вызваліць ад пошлін увоз электрамабіляў у Беларусь, Арменію і Кыргызстан.
Дасягнута дамоўленасць прадаставіць тарыфную льготу ў выглядзе вызвалення ад выплаты мытнай пошліны ў дачыненні да электрамабіляў, якія ўвозяцца ў шэраг краін Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2026 годзе.
— Мера мытна-тарыфнага рэгулявання ўжо прадэманстравала станоўчы эфект у папярэднія гады свайго дзеяння. Чакаем, што яна і далей будзе садзейнічаць фарміраванню рынку электрамабіляў і развіццю зараднай інфраструктуры, а таксама павелічэнню долі экалагічна чыстага транспарту на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, — пракаменціраваў гэта рашэнне член Калегіі (міністр) па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў.
Дарэчы, вызваленне ад выплаты мытных пошлін прадастаўляецца толькі грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, Арменіі і Кыргызстане.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА.