Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь плануе пабудаваць 55 га цяпліц з тэхналогіяй дасветкі да 2030 года. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» расказаў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз, паведамляе БелТА.
Дзяніс Мароз адзначыў, што ўжо рэалізуецца адзін з такіх інвестыцыйных праектаў. «Мы разумеем, што ў нас краіна з дастаткова халодным кліматам. Мы прывыклі да таго, што свежыя памідоры і агуркі нам хочацца бачыць у сябе на стале круглы год, але ўласнымі аб’ёмамі мы не былі дастаткова забяспечаны. Урадам была сфармулявана задача развіваць гэты кірунак. Перад Міністэрствам энергетыкі стаіць мэта пабудаваць да 2030 года 55 га цяпліц, якія будуць выкарыстоўваць штучнае асвятленне для вырошчвання такой прадукцыі. Праект на 17,5 га мы ўжо цяпер пачалі рэалізоўваць каля Наваполацка», — расказаў ён.
Міністр звярнуў увагу на асаблівасць работы энергасістэмы Беларусі. «Мы здольныя перадаваць вялікія магутнасці на значныя адлегласці практычна з мінімальнымі стратамі электрычнай энергіі. Незалежна ад размяшчэння крыніц энергіі і спажыўцоў мы можам забяспечваць сувязь паміж імі, праводзячы адпаведныя рэканструкцыі. Адпаведна, такія цяпліцы могуць развівацца ў любых рэгіёнах — галоўнае, каб побач знаходзіліся падстанцыі напружаннем 330 кВ», — падкрэсліў Дзяніс Мароз.
Акрамя таго, па даручэнні ўрада распрацаваны тарыфы стымулюючага характару, якія дазваляюць знізіць сабекошт канчатковай прадукцыі. «Важна не проста вырасціць агародніну, а зрабіць так, каб гэта прадукцыя была канкурэнтаздольнай і запатрабаванай. Мы сфарміравалі адпаведныя тарыфы і бачым, што яны рэальна дапамагаюць сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якія займаюцца гэтым кірункам. Аб’ём спажывання электрычнай энергіі па гэтым тыпе спажыўцоў з году ў год значна прырастае», — сказаў міністр.