У Беларусі мінімальная сума падатку на прафесійны даход (ППД) з 1 ліпеня складзе 45 рублёў у месяц, для пенсіянераў — 18 рублёў. Пра гэта паведамілі БелТА ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Першая выплата — не пазней за 24 жніўня 2026 года.
«Калі вы не вядзеце дзейнасці, але не зняліся з уліку, падатак будзе налічвацца штомесяц. Калі пратэрмінаванне выплаты тры месяцы, падатковая спыніць рэгістрацыю, што пацягне за сабой узнікненне запазычанасці ў памеры 135 рублёў (для пенсіянераў — 54 рублі). Доўг спагоняць у прымусовым парадку, у тым ліку праз органы прымусовага выканання», — адзначылі ў МПЗ.
Таму тым, хто не вядзе дзейнасці, варта своечасова зняцца з уліку праз дадатак ППД (Настройкі / Уліковы запіс / Зняцце з уліку).
Ёсць шэраг важных нюансаў. Калі вы выдалілі дадатак, але не зняліся з уліку — спампуйце яго нанава і прайдзіце працэдуру зняцця. Калі забыліся лагін / пароль — аднавіце іх дыстанцыйна праз дадатак або звярніцеся ў любую інспекцыю МПЗ. Зняцце з уліку адбываецца адразу, датай зняцця лічыцца дата накіравання заявы.
Пасля зняцця доступ у дадатак захаваецца, але з абмежаваннямі — нельга будзе фарміраваць чэкі. Пры жаданні стаць на ўлік паўторна можна будзе не раней за 1-е чысло другога месяца, які ідзе за месяцам спынення прымянення ППД.
У Міністэрстве фінансаў раней тлумачылі новы прынцып. Да прыкладу, у жніўні 2026 года плацельшчык ППД атрымаў даход 100 рублёў. Сума падатку па стаўцы 10% складае 10 рублёў (100 рублёў х 10%). Аднак сума ППД да выплаты будзе 45 рублёў, бо 10 рублёў меншыя за ўстаноўлены мінімум.
«Гэтае ўзмацненне патрабаванняў накіравана на фізічных асоб, псеўдазанятых у эканоміцы, і на забеспячэнне паступовага справядлівага ўдзелу самазанятых у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Прымяненне ППД спыняецца ў выпадку нявыплаты тры разы запар падатку ва ўстаноўленыя тэрміны. Вярнуцца на ППД у такім выпадку можна будзе не раней як праз шэсць месяцаў», — растлумачылі ў Мінфіне.