Прынамсі сем чалавек загінулі ў цісканіне падчас рэлігійнага мерапрыемства каля храма «Ашок Дхам» у паўночна-ўсходнім індыйскім штаце Біхар. Пра інцыдэнт расказала ТАСС са спасылкай на мясцовую паліцыю. Паведаміла БелТА.
Трагедыя адбылася раніцай 17 жніўня, калі каля храма сабраліся вернікі для малітвы і рытуальнага амывання ў гонар індуісцкага бога Шывы. Паводле папярэдняй інфармацыі, у гэтым месцы знаходзілася каля 50 тыс. паломнікаў.
Намеснік начальніка паліцыі Шывам Кумар расказаў пра некаторыя падрабязнасці здарэння агенцтву ANI. «Паступілі звесткі пра сем загінулых. Папярэдне вядома, што ўпаў слуп лініі электраперадачы, і людзі атрымалі ўдар токам, што справакавала цісканіну. Дакладную прычыну мы зможам назваць толькі пасля дбайнай праверкі ўсіх абставін», — сказаў ён.
Ёсць звесткі і пра некалькі дзясяткаў пацярпелых, многія з іх — у цяжкім стане.