Top.Mail.Ru
216

Мінінфарм аб'явіў старт прыёму заявак на 65-ы Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі»

Міністэрства інфармацыі аб'явіла старт прыёму заявак на 65-ы Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», паведамляе БелТА.

Конкурс накіраваны на вызначэнне найлепшых выдавецкіх праектаў нацыянальнага кнігавыдання за 2025 год, павышэнне мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, далейшае развіццё кніжнага мастацтва.

Уладальнік Гран-пры — пераможца ў намінацыі «Трыумф» атрымае дыплом імя Ф. Скарыны і памятны знак-сімвал «Вялікі залаты фаліянт».

Найлепшыя выдавецкія праекты вызначаць у тэматычных намінацыях (з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт»): «ЛІТ-фармат» (выданні літаратурна-мастацкага кірунку), «Сучасны падручнік» (выданні вучэбнага кірунку), «Фотапогляд» (фотаальбомы, фотакнігі), «Дзецям XXI стагоддзя» (кнігі для дзяцей і юнацтва), «АРТ-кніга» (выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяфільскія выданні), «Навука і веды» (навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя і энцыклапедычныя выданні), «Духоўнасць» (выданні духоўна-асветніцкага кірунку). 

А'яўленыя таксама спецыяльныя намінацыі (з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт»): «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны», «Сіла ў праўдзе і адзінстве» (грамадска-палітычныя выданні), «Садружнасць» (сумесныя выдавецкія праекты), «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзеныя па заказе), «Беларусь памятае» (кнігі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне).

Праекты прымаюць і ў рамках персанальнай намінацыі «Майстэрства». Журы вызначыць найлепшага ілюстратара кнігі, найлепшага дызайнера кнігі, найлепшага фотамастака кнігі (з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт»).

Па кожнай заяўленай намінацыі ад выдавецтва прадстаўляецца не больш як два выданні (у адным экзэмпляры на кожную намінацыю).

На конкурс да 19 студзеня 2026 года неабходна падаць ва ўпраўленне выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Мінінфарма (пр. Пераможцаў, 11, каб. 520, 521, 523) найлепшыя выданні, выпушчаныя ў 2025 годзе, з дадаткам суправаджальнага ліста ад выдавецтва і даведкі аб выданні, якое вылучаецца на конкурс.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю