Міністэрства аховы здароўя скарэкціравала пералікі захворванняў і проціпаказанняў, якія перашкаджаюць кіраванню механічнымі транспартнымі сродкамі, колавымі трактарамі, самаходнымі машынамі і маторнымі маламернымі суднамі. Гэта прадугледжана пастановай міністэрства № 83 ад 10 ліпеня 2026 года, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 15 жніўня і ўступіла ў сілу 16 жніўня, паведамляе БелТА.
Дакументам унесены змяненні ў пастанову Міністэрства аховы здароўя № 94 ад 5 верасня 2022 года «Аб захворваннях і проціпаказаннях, якія перашкаджаюць кіраванню механічнымі транспартнымі сродкамі, самаходнымі машынамі, маторнымі маламернымі суднамі».
Наконт асноўных змяненняў у Міністэрстве аховы здароўя карэспандэнту БЕЛТА растлумачылі, што пастановай пашыраны ўмовы допуску і скарочаны тэрміны непрыгоднасці да кіравання пасля імплантацыі электракардыястымулятара, кардыявертара-дэфібрылятара. Скарочаны тэрміны непрыгоднасці да кіравання пасля перанесенага інфаркту міякарда пры няўскладненым яго праходжанні.
Дазволены допуск да кіравання трактарам пры ампутацыйнай куксе адной ніжняй канечнасці праксімальней за ўзровень перадплюсне-плюснявога сучлянення пры ўмове карыстання пратэзам.
З пераліку проціпаказанняў выключана цяжарнасць.
Адначасова ў названыя пералікі ўключаны аднаразовы сутаргавы прыступ з умовамі допуску і спажыванне псіхаактыўных рэчываў без развіцця ў пацыента выяўленых наступстваў для стану здароўя. Наконт другога пункта ў Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што прадугледжаны допуск да кіравання асоб, у дачыненні да якіх ажыццяўляюцца штоквартальныя медыцынскія прафілактычныя агляды, на падставе заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (пераагляд — 1 раз у год), а таксама допуск да кіравання ў выпадку спынення медыцынскіх прафілактычных аглядаў на падставе заключэння ўрача — псіхіятра-нарколага.
Прыведзеныя змяненні дазволяць дапусціць да работы вадзіцеляў пасля перанесеных захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату пасля перыяду часовай непрацаздольнасці без страты імі прафесіі.
Увядзенне ў пералікі захворванняў і проціпаказанняў спажывання псіхаактыўных рэчываў павысіць бяспеку дарожнага руху.