Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь перагледзела пералік захворванняў і проціпаказанняў, якія перашкаджаюць кіраваць аўтамабілямі, самаходнымі машынамі і маламернымі суднамі. Адпаведныя змяненні ўнесены пастановай ад 10 ліпеня 2026 года № 83.
Цяпер людзям з некаторымі захворваннямі сэрца і апорна-рухальнага апарату стане прасцей вярнуцца за руль пасля лячэння. Напрыклад, пасля ўстаноўкі кардыястымулятара або кардыявертара-дэфібрылятара тэрмін, калі чалавек лічыцца непрыдатным да кіравання, скарочаны. Таксама хутчэй зможа сесці за руль той, хто перанёс інфаркт міякарда без ускладненняў. Акрамя таго, дазволілі кіраваць трактарам людзям з ампутацыяй адной нагі вышэй за ўзровень перадплюснева-плюсневага сучлянення — але толькі калі яны карыстаюцца пратэзам. А цяжарнасць больш не лічыцца проціпаказаннем да кіравання транспартам.
Аднак разам з тым у пералік захворванняў і проціпаказанняў дадалі яшчэ два пункты. Першы — аднаразовы сутаргавы прыступ, але з пэўнымі ўмовамі допуску. Другі — спажыванне псіхаактыўных рэчываў без выяўленых наступстваў для здароўя. У такім выпадку чалавека могуць дапусціць да кіравання, калі ён будзе праходзіць медыцынскі агляд кожны квартал па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі і перааглядацца раз на год. Калі ж прафілактычныя агляды спыняцца, рашэнне будзе прымаць ужо ўрач-псіхіятр-нарколаг.
Такім чынам, змяненні дазволяць вадзіцелям, якія перанеслі хваробы сэрца ці апорна-рухальнага апарату, не губляць прафесію пасля часовай непрацаздольнасці. А ўлік спажывання псіхаактыўных рэчываў, у сваю чаргу, дапаможа павысіць бяспеку на дарогах.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА