Top.Mail.Ru

Міністэрства аховы здароўя: у Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці ў свеце

У Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці ў Еўропе і ў свеце. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі — начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Лазар.


«Каэфіцыент мацярынскай смяротнасці на дадзены момант не перавышае 1,5 выпадкаў на 100 тыс. жыванараджэнняў. У 1993 годзе гэты паказчык складаў 20,4. Гэта каласальнае зніжэнне. І тут мы адны з лепшых — можам нават параўняцца з Ізраілем, Польшчай, Фінляндыяй. Таксама ў нас адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці ў Еўропе і ў свеце. Ён складаў у 2024 годзе 2,9 на тысячу народжаных жывымі. Мы многія гады трымаем гэты паказчык ніжэй за сусветны (тры праміле)», - расказаў Дзмітрый Лазар.

Паводле яго слоў, кожны выпадак смерці маці або дзіцяці разбіраецца індывідуальна на лячэбна-кантрольных саветах як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўнях.

«Заўсёды выяўляюцца нейкія праблемныя моманты і тут жа вырашаюцца. Штодня мы праводзім маніторынг цяжкіх выпадкаў. Я адсочваю, дзе ў рэанімацыі знаходзіцца «цяжкае» дзіця, туды адразу ж выязджае брыгада. Ідзе вельмі сур’ёзнае ўзаемадзеянне з рэгіёнамі. Гэта шматузроўневая сістэма: РНПЦ «Маці і дзіця» — чацвёрты рэспубліканскі ўзровень, трэці ўзровень — абласны, і ёсць першы ўзровень — гэта раённая бальніца. Выбудавана сістэма міжраённых цэнтраў, якія фарміруюць другі ўзровень. У Мінскай вобласці, напрыклад, гэта Салігорск, Маладзечна, Барысаў. У гэтых цэнтрах сканцэнтравана абсталяванне і высакакласныя спецыялісты. Таму цяжкія пацыенты ў нас выходзяць на гэтыя ўзроўні, і ім аказваецца дапамога», — праінфармаваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю