Восем шпіталізаваных з прыкметамі вострай кішэчнай інфекцыі дзяцей выпісаны з Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, паведамляе БелТА са спасылкай на інфармацыю, якую распаўсюдзіла Міністэрства аховы здароўя.
«На фоне праводзімай тэрапіі ва ўсіх шпіталізаваных дзяцей адзначаецца ўстойлівая дадатная дынаміка. Па стане на 18.00 3 чэрвеня восем дзяцей выпісаны», — праінфармавалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Усяго ў перыяд з 19.40 2 чэрвеня да 14.00 3 чэрвеня ў бальніцу звярнуліся 30 пацыентаў ва ўзросце ад 2 гадоў 8 месяцаў да 8 гадоў. Усе яны — выхаванцы 11 дашкольных устаноў Барысава. Дзеці скардзіліся на шматразовую рвоту (да 10 разоў), болі ў жываце і слабасць.
З папярэднім дыягназам «востры гастраэнтэрыт» былі шпіталізаваны 27 дзяцей. Іх стан на момант паступлення ацэньваўся як сярэдняй ступені цяжкасці.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, усе шпіталізаваныя дзеці неадкладна агледжаны ўрачамі-інфекцыяністамі. Праведзена ў тым ліку кансультацыя хірурга для выключэння вострай хірургічнай паталогіі.
Пацыентам назначана поўнае клініка-лабараторнае абследаванне і пачата лячэнне ў строгай адпаведнасці з зацверджанымі клінічнымі пратаколамі.
Што датычыцца трох іншых пацыентаў, бацькі аформілі пісьмовую адмову ад шпіталізацыі. Дзеці забяспечаны лячэннем дома, іх назіраюць у паліклініцы па месцы жыхарства.
Для высвятлення прычын захворвання санітарна-эпідэміялагічнай службай праводзіцца санітарна-эпідэміялагічнае расследаванне. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя.