«Міністэрства аховы здароўя адсочвае сітуацыю з новым варыянтам каранавіруса PJ.2.1. У цяперашні час у Беларусі выпадкаў заражэння новым варыянтам каранавіруса не зарэгістравана», — гаворыцца ў паведамленні цэнтра.
Упершыню варыянт PJ.2.1, які адносіцца да эвалюцыйнай лініі «амікрон», быў выяўлены ў пачатку мая ў Канадзе. У далейшым яго выяўлялі ў ЗША, Іспаніі, Аўстраліі і Сінгапуры. Прыкметы больш цяжкага цячэння захворвання не фіксуюцца. Даныя аб павелічэнні частаты пнеўманій, вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому і дыхальнай недастатковасці адсутнічаюць. Не адзначаюцца таксама павышэнне рызыкі шпіталізацыі, перавод у аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі або смяротны зыход.
Штогод у Беларусі ў перыяд з кастрычніка па красавік назіраецца сезонны ўздым захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ). У цяперашні час інтэнсіўнасць эпідэмічнага працэсу ВРІ ацэньваецца як нізкая з далейшай тэндэнцыяй да зніжэння. Паказчыкі захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ніжэй за паказчыкі захворвання мінулага года на 13%. Ва ўзроставай структуры хворых пераважаюць дзеці (63,7%). Захворванне абумоўлена пераважна вірусамі не грыпознай этыялогіі, сярод якіх дамінуюць рынавірус (28,6%), вірусы парагрыпу (20,6%), бокавірус (19,0%), сезонныя каранавірусы (4,8%), адэнавірус (9,5%). Фіксуюцца спарадычныя выпадкі захворвання на грып (A(H1N1)pdm09) і COVID-19.
Тым часам у краіне працягваецца кампанія па вакцынацыі супраць грыпу, асноўная мэта якой — забяспечыць абарону ад цяжкіх формаў грыпу і ўскладненняў грамадзян, якія адносяцца да кантынгентаў рызыкі (дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, людзі ва ўзросце старэйшыя за 65 гадоў, пацыенты з імунасупрэсіяй, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, супрацоўнікі дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва). Вакцынацыя праводзіцца на бясплатнай (для кантынгентаў рызыкі) аснове і платна. Па стане на 4 лістапада прышчэплена больш за 782 тыс. чалавек.
Эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні ВРІ знаходзіцца на пастаянным кантролі Міністэрства аховы здароўя, але разам з тым многае залежыць ад стаўлення чалавека да ўласнага здароўя і людзей, што акружаюць яго, адзначылі ў цэнтры. Выкананне элементарных прафілактычных мер дазволіць кожнаму захаваць сваё здароўе.
Спецыялісты звяртаюць увагу бацькоў: дзеці з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі не павінны наведваць дашкольныя ўстановы і школы.