Top.Mail.Ru
249

Міністэрствы і ведамствы Беларусі і Ірана падпісалі пакет дакументаў па асобных кірунках

Па выніках перагавораў Прэзідэнтаў дзеля канкрэтных крокаў у развіцці беларуска-іранскіх адносін міністэрствы і ведамствы абедзвюх краін падпісалі пакет дакументаў па асобных кірунках.



Сярод іх — Пагадненне па лётнай прыдатнасці паміж Нацыянальнай авіяцыйнай адміністрацыяй Рэспублікі Беларусь і Упраўленнем грамадзянскай авіяцыі Ісламскай Рэспублікі Іран.

Заключаны Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам навакольнага асяроддзя Ісламскай Рэспублікі Іран, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам аховы здароўя і медыцынскай адукацыі Ісламскай Рэспублікі Іран па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, абарачэння лекавых сродкаў і медыцынскага абсталявання, медыцынскай адукацыі і навукі.

Падпісаны таксама Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам сельскагаспадарчага джыхаду Ісламскай Рэспублікі Іран аб супрацоўніцтве ў галіне лясной гаспадаркі, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам сельскагаспадарчага джыхаду Ісламскай Рэспублікі Іран у галіне здароўя жывёл і ветэрынарыі.

Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная арганізацыя па стандартызацыі Ісламскай Рэспублікі Іран падпісалі дакумент аб узаемаразуменні ў галіне стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі.

У ліку падпісаных дакументаў — Мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры і ісламскай арыентацыі Ісламскай Рэспублікі Іран, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь і арганізацыяй радыё і тэлебачання Ісламскай Рэспублікі Іран. Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве заключаны паміж Беларускім тэлеграфным агенцтвам і інфармацыйным агенцтвам Ісламскай Рэспублікі Іран.

Беларускае Міністэрства культуры і іранская арганізацыя па пытаннях кінематаграфіі і аўдыёвізуальных твораў Міністэрства культуры і ісламскай арыентацыі дамовіліся аб абмене кінематаграфічнымі творамі і ўзаемным супрацоўніцтве.

Акрамя таго, заключаны мемарандумы па супрацоўніцтве ў галіне турызму, а таксама аб развіцці інвестыцый у свабодных зонах.

Валерыя СЦЯЦКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю