Польшча задумалася аб будаўніцтве другой атамнай электрастанцыі, яшчэ не запусціўшы першую. Кіраўнік энергетычнага ведамства краіны Мілаш Матыка пацвердзіў, што вядуцца перагаворы з міжнароднымі кампаніямі аб магчымым узвядзенні АЭС.
Польскі міністр паведаміў, што кампаніі са ЗША, Францыі, Канады і Паўднёвай Карэі зацікаўлены ў тэндары на будаўніцтва другой АЭС у краіне. Нядаўна ў рамках міністэрскай канферэнцыі Міжнароднага энергетычнага агенцтва ў Парыжы абмяркоўваліся перспектывы развіцця энергетычнага сектара краіны.
«Польшча плануе правесці конкурсныя перагаворы з рознымі пастаўшчыкамі ядзерных тэхналогій. Пры гэтым суіскальнікі павінны будуць адпавядаць двум ключавым патрабаванням», — падкрэсліў Мілаш Матыка.
Міністр удакладніў, што патэнцыйныя падрадчыкі павінны забяспечыць нізкі кошт электраэнергіі і дастатковую магутнасць станцыі, а таксама выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі. Акрамя таго, не менш як 60 працэнтаў работ павінна быць выканана польскімі прадпрыемствамі.
Тым часам, апублікаваны і сацыялагічныя даныя на гэты конт.
Каля 80 % палякаў гатовы бачыць атамную электрастанцыю побач з домам. Пра гэта сведчыць агульнанацыянальнае апытанне, праведзенае на заказ Міністэрства энергетыкі краіны.
Паводле звестак апытання, за развіццё ядзернай энергетыкі выказаліся 92 працэнты рэспандэнтаў. Супраць — толькі 5,4 %, з якіх рашуча не згодныя з праектам польскай АЭС 2,8 %. Пры гэтым амаль 80 % апытаных заявілі, што не пярэчаць супраць будаўніцтва станцыі паблізу ад месца свайго пражывання. Супраць такой ідэі выступілі 17,4 % удзельнікаў даследавання.
Паводле слоў намесніка міністра энергетыкі і ўрадавага ўпаўнаважанага па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Войцэха Врохны, польская атамная энергетыка — гэта інвестыцыя ў будучыню і фундамент энергетычнай бяспекі краіны.
«Большасць ужо сёння бачыць перавагі гэтай крыніцы энергіі — яе нізкаэмісійнасць, бяспека і стабільнасць. Атам забяспечвае энергазабеспячэнне як тады, калі свеціць сонца, так і тады, калі яго няма, калі не дзьме вецер. Гэта дае нам устойлівасць і незалежнасць», — заявіў ён.
Цяпер у Польшчы няма дзеючых атамных электрастанцый. Дазвол на будаўніцтва ў краіне першай АЭС Еўрапейская камісія дала толькі ў снежні 2025 года. Прэм’ер-міністр Дональд Туск раней называў Белхатуў прыярытэтным месцам для размяшчэння другой АЭС.