«Нас цэняць, любяць і паважаюць за тое, што мы гаворым праўду»
Штогод 5 мая ў нашай краіне адзначаюць Дзень друку, а 7 мая — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Гэтыя даты аб’ядноўваюць людзей, чыя праца мае асаблівую грамадскую значнасць. Дзякуючы прафесіяналізму, адказнасці, адданасці работнікаў СМІ абранай справе, жыхары краіны штодня атрымліваюць аператыўную і дакладную інфармацыю, даведваюцца аб найважнейшых падзеях, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Гэта выдатная нагода і для таго, каб адзначыць нялёгкую, але вельмі важную працу журналістаў. Найлепшых з лепшых у гэты святочны дзень павіншаваў міністр інфармацыі Дзмітрый Жук. У ліку ўзнагароджаных — кіраўніцтва і супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда».

Звяртаючыся да прысутных, Дзмітрый Жук пажадаў тым, хто працуе са словам — друкаваным або ў эфіры — адпавядаць патрабаванням і пажаданням, якія ставіць перад мас-медыя Прэзідэнт, і выконваць пастаўленыя задачы. «Сёння ад нашай з вамі работы ў прамым сэнсе залежыць, ці будзе мірнае неба над галовамі ў нашых дзяцей, у нас з вамі,» — сказаў міністр.
Кіраўнік інфармацыйнага ведамства пажадаў журналістам поспеху ў гэтай нялёгкай, але вельмі важнай працы і заклікаў усіх берагчы традыцыі беларускай журналістыкі. «Нас цэняць, любяць і паважаюць за тое, што мы гаворым праўду», — рэзюмаваў Дзмітрый Жук.
За плённую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ганаровай граматы Міністэрства інфармацыі была ўдастоена дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Вольга АНУФРЫЕВА. «Мы з вамі пішам летапіс нашага часу на карысць Радзімы, стаім на перадавой інфармацыйнага фронту па абароне яе суверэнітэту і незалежнасці з адной толькі мэтай — захаваць і прымножыць усе дасягненні нашай краіны. Мы хочам запэўніць, што прыкладзём усе намаганні, максімум сваіх намаганняў, каб кожнае наша слова было накіравана на захаванне міру, парадку, стабільнасці і на росквіт нашай любімай Беларусі», — сказала яна, звяртаючыся ад імя ўсіх узнагароджаных.
За шматгадовую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі падзяка міністра інфармацыі была абвешчана Вользе ЗАЯЦ, загадчыцы аддзела планава-вытворчай працы Выдавецкага дома «Звязда».
Віншуем нашых калег і жадаем ім толькі добрых навін!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ