У Дзень друку і напярэдадні Дня радыё, тэлебачання і сувязі міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі сустрэўся з журналістамі рэспубліканскіх СМІ, каб не толькі павіншаваць іх з прафесійнымі святамі, але і пагаварыць на актуальныя тэмы.
— Я рады, што ў нас ёсць добрая традыцыя штогод сустракацца 5 мая ў цёплай абстаноўцы і абмяркоўваць розныя пытанні. Мы доўгія гады разам з вамі працуем і разам забяспечваем нацыянальную бяспеку ў сферы ідэалогіі. І сёння гэта надзвычай важна. Вы самі тое цудоўна разумееце, — звярнуўся да прысутных міністр культуры. — Дзякуй вам за тое, што вы побач з намі. Дзякуючы вашым артыкулам і рэпартажам, пра нашу культуру ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. І гэта цудоўна, бо мы маем чым ганарыцца, у нас ёсць што паказаць свету. Мы шмат зрабілі, многаму навучыліся і нават многаму можам навучыць іншых. І менавіта дзякуючы вашай працы пра культурныя падзеі ведаюць па ўсім свеце. Я б хацеў павіншаваць вас, дарагія сябры, з вашымі прафесійнымі святамі — сёння Дзень друку, а 7 мая — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі! Пажадаць вам хачу сіл, здароўя і натхнення

Падчас размовы Руслан Чарнецкі адзначыў, што ўзаемадзеянне павінна быць шчыльным, бо ідзе ідэалагічная вайна, і «Мы павінны яе з вамі разам выйграць. Культура і інфармацыя — у першых шэрагах у гэтым. Важна падстаўляць плячо адно аднаму і дапамагаць».
Міністр таксама ўручыў падзякі ад міністэрства культуры журналістам, якія асвятляюць тэму культуры ў СМІ. Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі радыё, тэлебачання, друкаваных СМІ. У іх ліку адзначана і наша калега рэдактар аддзела газеты «Звязда» Алена Драпко.

Лакацыю для сустрэчы выбралі таксама адметную — у мастацкай галерэі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава. Тут рыхтуюць мастакоў, дызайнераў, скульптараў, спецыялістаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І ў ходзе размовы ў міністра цікавіліся меркаваннем стасоўна самых розных тэм ад умення расстаўляць прыярытэты і сумяшчаць творчасць і кіраўнічую пасаду, а таксама спыталі, як сёння прывабіць маладыя прафесійныя кадры ў сферу культуры.
— ...Мы можам падтрымаць іх прафесіянальна, каб творчы запал у моладзі стаў яшчэ мацнейшым, — сказаў Руслан Чарнецкі. — І мы даем маладым магчымасць праявіць сябе і раскрывацца творча, каб людзі разумелі, што яны патрэбныя ў сваёй краіне. Калі чалавек разумее, што займаецца сваёй справай і адчувае сябе шчаслівым, то ніколі не будзе задумвацца пра ганарары. А для гэтага вельмі важна, каб чалавек адбыўся як творчая асоба. І мы павінны забяспечыць яму ўмовы для творчасці. Дзесьці накіраваць моладзь, падказаўшы нешта, недзе падтрымаць, каб вынік задаволіў усіх.

Алена ВАСІЛЬЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД