Top.Mail.Ru

Міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК — аб задачах «пяцёркі»

Ужо зусім хутка — 26-27 чэрвеня ў Мінску адбудзецца IV Еўразійскі эканамічны форум, галоўная тэма якога — «Стратэгія Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы». Форум прымеркаваны да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў дзяржаў. З якімі ключавымі выклікамі сутыкаюцца канкурэнтныя органы на сучасным этапе, якія існуюць механізмы, неабходныя для забеспячэння справядлівай канкурэнцыі ў ходзе відэамоста МІА Sputnik Мінск — Астана — Бішкек — Ерэван — Масква распавёў міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Максім Ермаловіч.


Прыярытэтная мэта

У ходзе відэамоста была закранута адчувальная тэма доступу краін-удзельніц да агульнага рынку дзяржзакупак. Профільны міністр адзначыў, што статыстыка ўзаемных паставак абвязвае ЕЭК больш актыўна працаваць на гэтым полі, здымаць рознага роду абмежаванні і перашкоды, у тым ліку і лічбавыя, для таго каб забяспечваць бесперашкодны доступ да рынку дзяржзакупак краін-удзельніц. Ён дадаў, што на долю дзяржаўных закупак у Саюзе, якія праводзяць краіны за кошт сваіх бюджэтаў, на ўзаемныя пастаўкі краін ЕАЭС прыпадае менш за 1%. Пры тым, што напалову попыт на тавары і паслугі ў рамках дзяржзакупак задавальняецца за кошт імпарту з трэціх краін. 

— У гэтай сітуацыі задача па развіцці рынку дзяржаўных закупак, па яго спрашчэнні, стварэнні механізмаў бесперашкоднага доступу — гэта ключавая задача ўсяго Саюза. Гэты кірунак пазначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, які старшынствуе сёлета ў Саюзе, як адна з асноўных (задач — заўв.аўт.), якія абавязваюць нас стварыць неабходныя механізмы па доступе краін Саюза да дзяржаўных закупак адно аднаго. 

Ён адзначыў, што адным з кірункаў працы з’яўляецца прызнанне банкаўскіх гарантый:

— У гэтым кірунку зроблена шмат, падпісана адпаведнае пагадненне. Ужо ёсць прыклады, дзе гэтыя прызнанні дзейніччаюць. 

 На яго думку, неабходна пашыраць практыку работы па пагадненні на ўсе пяць краін Саюза, пашыраць колькасць банкаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. 

— Тут мы бачым пазітыўную дынаміку. Не хацелі б спыняцца, і будзем працягваць развіваць усе неабходныя інструменты гарантыйнага пацвярджэння дзяржаўных закупак, — дадаў Максім Ермаловіч.

Што тычыцца прызнання электроннага лічбавага подпісу, ён адзначыў, што сітуацыя больш складаная:

— У камісіі мы распрацавалі правілы прызнання электроннага лічбавага подпісу, выдадзеныя ў адпаведнасці з заканадаўствам краін-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза. Але сутыкнуліся з цэлым шэрагам пытанняў, звязаных з забеспячэннем нацыянальных стандартаў прымянення гэтага лічбавага подпісу. 

Ён выказаў упэўненасць, што з часам усе перашкоды будуць пераадолены.

— На сённяшні дзень Беларусь і Расійская Федэрацыя адпрацоўваюць механізмы прызнання электроннага лічбавага подпісу на «двойку», маюць дастаткова вялікі досвед працы ў гэтым кірунку. Спадзяюся, што з удзелам нашых калег з Беларусі і Расіі нам удасца знайсці кансэнсуснае рашэнне і на «пяцёрку» і адпрацаваць усе неабходныя механізмы для таго, каб прызнаваць электронны лічбавы подпіс, выдадзены ў адпаведнасці з заканадаўствам краін ЕАЭС. 

Папэрэдзіць лягчэй, чым выпраўляць наступствы

Ацэньваючы механізмы антыманапольнага рэгулявання з боку ЕЭК Максім Ермаловіч адзначыў, што інструментар дастатковы, але з’яўляюцца і новыя механізмы:

— Мы актыўна абмяркоўваем увядзенне новых інструментаў рэгулявання, асабліва гэта тычыцца рэгулявання лічбавага гандлю. 
 Паводле яго слоў, сёння многія пытанні аднесены да нацыянальнай кампетэнцыі, і ў ЕЭК асцярожна падыходзяць да пашырэння сваіх паўнамоцтваў, каб быць упэўненымі ў эфектыўнасці новых механізмаў.

— Таксама вялікая праца будзе па фарміраванні агульнага біржавога рынку, — адзначыў спікер. — Гэта сапраўды новы крок у развіцці канкурэнцыі, калі на агульным рынку як адзінае цэлае пачнуць узаемадзейнічаць біржы краін Саюза. Гэта таксама азначае і фарміраванне цэнавых індэксаў у перспектыве, якія будуць з’яўляцца арыенцірамі ў нашай працы. 

Ён выказаў упэўненасць, што і новыя механізмы кантролю за станам канкурэнцыі будуць паспяхова рэалізаваны ў працы камісіі:

— У прыватнасці, мы зараз разглядаем розныя варыянты прафілактыкі правапарушэнняў у сферы канкурэнцыі. Гэта будзе накіравана на выдачу папярэджанняў нават у тых выпадках, калі парушэнні яшчэ не адбыліся, але мы бачым сур’ёзныя перадумовы, каб такія парушэнні маглі паўстаць, каб іх папярэдзіць. 

Што датычыцца колькасці зваротаў у антыманапольную службу ЕЭК, Максім Ермаловіч растлумачыў, што штогод разглядаецца каля 19-20 выпадкаў парушэння агульных правілаў канкурэнцыі. 

— Гэта досыць працяглы працэс, які прадугледжвае запыт і аналіз інфармацыі з боку ўсіх суб’ектаў рынку ў пяці краінах Саюза. Таму кожны раз, калі мы прыступаем да разгляду заявы, мы павінны правесці глыбокі аналіз рынку адпаведнага тавару ці паслугі. На падставе аналізу гэтага рынку мы павінны выявіць прыкметы парушэння, вызначыць механізмы ліквідацыі гэтых парушэнняў, пры неабходнасці прыцягнуць вінаватага да адказнасці, — растлумачыў ён.

Анансуючы парадак дня, профільны міністр адзначыў, што на форуме будуць прадстаўлены спікеры з 26 краін свету. Адказваючы на пытанне аб прадстаўніцтве Ірана, як дзяржавы-назіральніка ЕАЭС, Максім Ермаловіч растлумачыў, што чакаецца ўдзел прадстаўнікоў Ірана на самым высокім узроўні. 

— Паводле інфармацыі на ўчора (23 чэрвеня — заўв.аўт.), свой удзел пацвердзіў прэзідэнт Ірана. Што тычыцца ўдзелу на форуме, то мы чакаем вялікую дэлегацыю. З улікам бягучай сітуацыі, мы спадзяёмся, што дэлегацыя Ірана прыме ўдзел у поўным складзе. Мы чакаем міністра прамысловасці, руднікоў і гандлю, таксама павінен прысутнічаць на нашых мерапрыемствах міністр транспарту, кіраўнік арганізацыі па садзейнічанні экспарту Ісламскай Рэспублікі Іран і шматлікія прадстаўнікі розных ведамстваў Ірана, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у нашых мерапрыемствах.

Маргарыта ЗАРОЎКІНА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю