У Індыі прайшла XI сустрэча міністраў культуры краін — удзельніц БРІКС. Яна завяршылася прыняццем дэкларацыі, у якой бакі дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы рэстытуцыі культурных каштоўнасцей. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.
У Бхопале адбылася XI сустрэча міністраў культуры краін БРІКС, якая аб’яднала кіраўнікоў галіны з дзяржаў-членаў і партнёраў БРІКС. Беларусь прадстаўляў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Дзелавая праграма дала магчымасць абмяняцца меркаваннямі па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, нацыянальным вопытам у сферы культуры, прыярытэтамі і поглядамі на пэўныя тэмы супрацоўніцтва.
Дыскусіі ахоплівалі розныя пытанні, у тым ліку ўплыву штучнага інтэлекту на крэатыўныя індустрыі, аховы культурнай спадчыны і рэпатрыяцыі культурных каштоўнасцей.
Сустрэча міністраў культуры краін БРІКС завяршылася прыняццем дэкларацыі, у якой бакі дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы рэстытуцыі культурных каштоўнасцей. Яшчэ адным практычным вынікам стала ініцыятыва індыйскага старшынства па стварэнні пілотнага добраахвотнага рэестра дзеячаў мастацтва БРІКС.
У сваім выступленні Сяргей Саракач адзначыў, што Беларусь гатова ўносіць свой уклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва з краінамі БРІКС. Ён таксама падкрэсліў, што роля культуры ў захаванні міру, згоды і дружбы неацэнная. «У прасторы культуры хутчэй устанаўліваецца давер, часта лягчэй вырашаюцца важныя палітычныя і эканамічныя праблемы. Асаблівае значэнне набывае міжкультурны дыялог, які становіцца дыялогам паміж людзьмі і народамі і садзейнічае пашырэнню агульных каштоўнасцей і ідэалаў, умацаванню інтэграцыйных асноў садружнасці дзяржаў. Мы развіваемся, узбагачаючы культуры адзін аднаго новымі формамі творчасці, якія ўзнікаюць на аснове багацейшай культурнай спадчыны нашых народаў», — акцэнтаваў намеснік міністра.
У міжнародным культурным супрацоўніцтве краіна паслядоўна ўвасабляе прынцып «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення», важнасць якога неаднаразова адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым асновай узаемадзеяння застаюцца павага да суверэнітэту, законаў, традыцый і культурных асаблівасцей кожнага народа, дапоўніў Сяргей Саракач.
У ліку яркіх прыкладаў культурнага дыялогу — Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». У цэнтры ўвагі Беларусі — пашырэнне творчых і адукацыйных абменаў, правядзенне Дзён нацыянальных культур і нацыянальнага кіно, падтрымка маладых талентаў, супрацоўніцтва ў сферы аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны. «Вялікія перспектывы супрацоўніцтва мы бачым у галіне кінематаграфіі, — расказаў намеснік міністра культуры. — Велізарны вопыт кінематаграфістаў краін БРІКС дазваляе гаварыць аб магчымасці стварэння сумесных кінематаграфічных праектаў у сучасных умовах на высокім прафесійным і мастацкім узроўні».